viasna on patreon

У Першамайскім судзе Мінска асудзілі ўдзельнікаў перадвыбарчых мітынгаў: агульная сума штрафаў 175 базавых Дапоўнена

2019 2019-12-02T17:02:00+0300 2019-12-03T13:14:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pershamaiski-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Першамайскага раёна Мінска. Фота: naviny.by

Суд Першамайскага раёна Мінска. Фота: naviny.by

Адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі акцый, якія адбываліся пад час выбарчай кампаніі, пачынаюцца сёння ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Пачатак у 11.30.

На 2 снежня прызначаны разгляд  спраў чатырох актывістаў, у дачыненні да якіх складзеныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве):

Будуць судзіць Дзяніса Красачку, Ніну Багінскую, Леаніда Кулакова і Вольгу Нікалайчык.

Справу Дзяніса Красачкі разглядае суддзя Анастасія Ляўкоўская.

Красачка прыйшоў на суд  з Анатолем Лябедзькам, у іх яшчэ будзе сведка Мікалай Маслоўскі. Актывіст збіраецца хадайнічаць аб тым, каб працэс праводзіўся ў судовай залі, а не ў кабінеце суддзі. Па справе з боку абвінавачання прысутнічаюць сведкі – два супрацоўнікі АМАП.

Красачка хадайнічае аб адводзе суддзі. Абвяшчаецца перапынак для прыняцця рашэння. Сведкамі выступаюць супрацоўнікі АМАПу Ілля Лемантовіч і Павел Асовік.

У выніку суд адмовіў у адводзе суддзі.

Суддзя зачытвае пратакол: Красачка парушыў парадак пікетавання, прыняў актыўны удзел у масавых мерапрыемствах, якія выходзяць па-за межы агітацыі, выкрыкваў "Жыве Беларусь".

Сам Дзяніс Красачка на гэта адказаў, што пад час выбараў акцыі рэгламентуюцца выбарчым кодэксам, а не законам аб масавых мерапрыемствах. Ён удзельнічаў у акцыі ў межах агітацыі кандыдата ў дэпутаты Маслоўскага, таму ён ўпэўнены, што ў яго дзейнасці няма парушэння закону аб масавых мерапрыемствах.

Выступае сведка Павел Асовік. Ён сказаў, што яму паведамілі на службе пра тое, што мерапрыемства, дзе выступаў Красачка, было несанкцыянаваным. Красачка цікавіцца ў супрацоўніка АМАПу: "Як вы змаглі вызначыць, законна ці не мерапрыемства, дзе я выступаў? Гэта ўваходзіць у паўнамоцтвы тэрытарыяльнай выбарчай камісіі (але запыт вы туды не накіроўвалі). Вы павінны ахоўваць".

Суддзя аб'яўляе перапынак да 17.00. 

Пасля перапынку суд прызнаў Дзяніса Красачку вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь.


Справу Ніны Багінскай разглядае суддзя Таццяна Ліннік.

Суддзя палічыла, што Ніна Багінская здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, і прызначыла ёй штраф у 50 базавых велічынь.


Вольгу Нікалайчык будзе судзіць Ганна Ігнацьева.

Актывістка не прыйшла на разгляд адміністрацыйнай справы. Сведкі – супрацоўнікі АМАПу Місюлін і Трышкін. Яны кажуць пра тое, што пад час свайго дзяжурства ўбачылі масавае мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы, а "мерапрыемствы ж там забароненыя".

Вольгу Нікалайчык судзяць за ўдзел у масавым мерапрыемстве 16-га лістапада. У матэрыялах справы ў якасці доказа суд праглядае відэазапіс з акцыі... якая прайшла 8 лістапада. На відэа гучыць песня "Тры чарапахі". Дзве справы – за 8 лістапада і за 16 лістапада – аб'ядналі.

Вользе Нікалайчык суд прызначыў штраф у 50 базавых велічынь


Справу Леаніда Кулакова разглядае Святлана Чараповіч.

Па ўсіх судах аб'яўлены перапынак да 17.00.

Леаніда Кулакова таксама прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пакаралі штрафам у памеры 50 базавых велічынь. 

Назіральнікі з'ехалі, пачалася зачыстка. Расклад судоў на снежань.

Пасля “вакханаліі” перадвыбарчай, падобна, у Беларусі пачынаецца вакханалія судовая. Праваабаронцы сабралі звесткі пра адміністрацыйны пераслед удзельнікаў акцый, якія адбываліся пад час выбарчай кампаніі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства