viasna on patreon

"Пакараць нельга памілаваць", або Якія ёсць аргументы супраць смяротнага пакарання

2019 2019-06-15T15:48:00+0300 2019-06-26T15:32:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/argument_smiarotnae-ablazhei-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў праваабаронцам “Вясны” стала вядома пра растрэл асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Жыльнікава, нягледзячы на тое, што ў Камітэце ААН па правах чалавека знаходзіцца яго індывідуальны зварот, па якім былі прынятыя часовыя меры. Мяркуецца, што хутчэй за ўсе растраляны і другі фігурант па справе – Вячаслаў Сухарка.

Савет Еўропы асудзіў прывядзенне ў выкананне чарговага смяротнага прысуду, з адпаведнай заявай выступіла і Amnesty International, а Еўрасаюз заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

У прававым лікбезе ад “Вясны” нагадваем пра аргументы супраць смяротнага пакарання.

Аргумент 1. Судовая памылка, незваротнасць смяротнага пакарання

Першы аргумент супраць смяротнага пакарання -- судовая памылка

Пасля выканання прысуду нельга выправіць судовую памылку – вярнуць жыццё чалавека.

Гэтай сістэмай заўсёды будуць кіраваць людзі – а людзям уласціва памыляцца. І судовыя памылкі адбываюцца нашмат часцей, чым гэта сабе ўяўляе большасць.

Так, у Злучаных Штатах Амерыкі з 1976 года 123 чалавекі былі вызваленыя з камеры смяротнікаў пасля таго, як дзякуючы ДНК-экспертызе была ўстаноўленая іх невінаватасць. Існуюць таксама 23 задакументаваныя справы, якія сведчаць аб тым, што ад пачатку 1900-х гадоў у Амерыцы былі памылкова пакараныя невінаватыя. 

Аналагічны прыклад – «Віцебская справа», па якой былі асуджаныя 14 нявінных чалавек.

Заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб распавёў пра незваротнасць смяротнага пакарання і судовыя памылкі, якія немагчыма выправіць пасля яго выканання:

“Мне давялося працаваць у самы складаны час, калі маньяк Міхасевіч здзяйсняў свае злачынствы на тэрыторыі Віцебскай вобласці. У ходзе расследавання гэтай справы высветлілі, што за злачынствы, якія здзейсніў Міхасевіч за 15 гадоў, незаконна былі асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення 13 чалавек, а адзін з іх, Цярэня, быў расстраляны па прысудзе Віцебскага абласнога суда. Чалавека расстралялі ні за што. І калі раней я неяк не задумваўся пра смяротную кару, якая была на тэрыторыі Савецкага Саюза, то пасля гэтых судовых памылак, якія мне давялося бачыць на свае вочы, я прыйшоў да высновы, што гэта няправільна – не павінен ніхто пазбаўляць чалавека жыцця”.

Супраць Мікалая Цярэні не было ніякіх доказаў – толькі выбітыя падчас следства прызнанні.

Аргумент 2. Выканаўцы – прафесійныя забойцы, якія караюць ад імя дзяржавы 

Другі аргумент супраць смяротнага пакарання -- выканаўцы, якія забіваюць ад імя дзяржавы

У краінах, дзе смяротнае пакаранне дазволена, існуе інстытут легальных забойцаў, якія здзяйсняюць наўмыснае забойства.

Любая інфармацыя пра спосабы прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў Беларусі з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай. Аднак былы начальнік мінскага СІЗА № 1, дзе ўтрымліваюцца прысуджаныя да выключнай меры пакарання, Алег Алкаеў падрабязна апісаў у сваёй кнізе “Расстрэльная каманда”, кім і якім чынам выконваецца гэтая праца.

Алег Алкаеў гаворыць, што выкананне смяротнага прысуду – забойства, нават калі яно “па законе”:

“Забіць чалавека, які асабіста табе нічога дрэннага не зрабіў, забіць без злосці, без накалу страсцей – гэта складана. Забойства – гэта забойства, а забойства ніколі беспакарана не праходзіць. Гэта на вайне чалавек страляе з вялікай адлегласці, не ведае, патрапіў ці не патрапіў. І ў яго страляюць таксама. Гэта зусім іншае. Таму і група расстрэльная была засакрэчана, таму і блізкія сваякі не ведалі, нават калегі не ведалі, хто чым займаецца. І гэта свята выконвалася, перш за ўсё членамі самой групы. Забойства – заўсёды забойства, нават, калі па законе”.

Аргумент 3. Рэлігійны – “Не забі!” 

Чацверты аргумент супраць смяротнага пакарання – рэлігійны,

Жыццё чалавеку дае Бог, і толькі Бог, а не іншы чалавек, можа забраць жыццё.

У 2013 годзе Папа Рымскі Францішак у тэлеграме да 5-га Сусветнага Кангрэсу супраць смяротнага пакарання напісаў:

“Пакаранне смерцю павінна быць заменена на іншае, якое б прадугледжвала шанец для злачынцы задумацца над сваімі правінамі і выправіцца, а нявіннаму падаравала б надзею на справядлівасць”.

Аргумент 4. Забойствы палітычных апанентаў, масавыя рэпрэсіі 

Пяты аргумент супраць смяротнага пакарання забойствы палітычных апанентаў і масавыя расстрэлы.

Смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаны ў Беларусі, і сённяшняя ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных.

Смяротнае пакарнне становіцца “звыклай з’явай” падчас масавых рэпрэсій.

У 2001 годзе Алег Алкаеў выступіў з выкрыццямі па справе аб выкраданні і меркаваным забойстве вядомых беларускіх палітыкаў - Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара. Паводле яго заяваў, у 1999 годзе па распараджэнні тагачаснага міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова ён азнаёміў з працэдурай прывядзення смяротнага прысуду ў выкананне камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнку.

У тым жа годзе Алег Алкаеў двойчы па асабістым указанні міністра выдаваў спецыяльны пісталет ПБ-9, прызначаны для прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў; пазней, супаставіўшы даты, ён выказаў здагадку, што з гэтага пісталета былі забітыя зніклыя палітыкі.

Аргумент 5. Нявыдача цела, непаведамленне даты выканання прысуду – гэта катаванне сваякоў расстралянага 

Трэці аргумент супраць смяротнага пакарання – Невыдача цел пакарных сваякам – з’яўляецца жорсткім абыходжаннем

Грамадскасці невядомыя імёны расстраляных і іх колькасць. 

Грамадства павінна ўсведамляць, што вынесены смяротны прысуд тычыцца не толькі вінаватага, але і прыносіць жорсткія пакуты яго сваякам. 

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначае:

“У Беларусі працягвае дзейнічаць закон яшчэ з савецкага перыяду, калі пры выкарыстанні выключнай меры пакарання ў выглядзе расстрэлу цела пакаранага сваяка не выдаюць, месца пахавання не паведамляюць. І такім чынам спрабуюць зрабіць таямніцай і саму дату выканання прысуду, і дзе пахаваны чалавек. Тлумачаць, што гэта робіцца для таго, каб не было апаганьвання цела расстралянага, які здзейсніў вельмі цяжкія злачынствы. Камітэт ААН неаднаразова заяўляў, што сама працэдура смяротнага пакарання ў Беларусі падпадае пад прыкметы катаванняў і бесчалавечага абыходжання як да самога пакаранага смерцю, так і да яго сваякоў. Асуджанаму не паведамляюць пра дату выканання смяротнага прысуду, а знаходжанне ў камеры смяротнікаў працягваецца некалькі месяцаў. Гэта вельмі цяжка ўспрымаецца чалавечай псіхікай. Асуджаны не можа рэальна ўсведамляць, калі прысуд будзе прыведзены ў выкананне, калі наступіць апошні дзень яго жыцця, ён не можа падрыхтавацца да гэтага акту”.

Аргумент 6. Неэфектыўнасць у папярэджанні злачынстваў 

Шосты аргумент супраць смяротнага пакарання – неэфектыўнасць у прафілактыцы злачынстваў

У грамадстве існуе меркаванне, што смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць. Такія заявы часта робяць урады, якія ўжываюць смяротнае пакаранне. Аднак няма такіх статыстычных або іншых дадзеных.

Генерал Юры Захаранка, калі быў міністрам унутраных спраў, вывучаў працэдуру смяротнага пакарання і планаваў пэўныя змены. У інтэрв’ю газеце “Навіны” у 1998 годзе былы міністр унутранных спраў катэгарычна выказаўся супраць смяротнага пакарання:

“Я ўпэўнены, што нам неабходна ліквідаваць інстытут пазбаўлення чалавека жыцця. Смяротная кара не ў стане спыніць злачыннасць. Псіхіятары-крыміналісты, якія вывучалі гэтае пытанне, прыйшлі да высновы, што ніводзін з асуджаных перад забойствам не думаў пра магчымасць расплаты смяротнай карай. Пасля адмены вышэйшай меры ў краіне не расце колькасць цяжкіх злачынстваў. Здавалася б, танней расстраляць чалавека ды закапаць. Але такім чынам грамадства закопвае сябе. Нам неабходна павярнуцца да гуманізму і чалавечнасці”.

Аргумент 7. Пакаранне смерцю спараджае жорсткасць у грамадстве

Дзяржава, якая падтрымлівае смяротнае пакаранне, на самай справе, заяўляе аб тым, што забойства з'яўляецца прымальным спосабам вырашэння праблемаў грамадства. Грамадства ўспрымае гэта як акт правасуддзя і, адпаведна, мае абсалютна скажонае паняцце пра рашэнне праблемы злачыннасці. Грамадзянам пачынае здавацца, што праблемы са злачыннасцю сапраўды могуць быць вырашаныя праз забойства, і яны не задумваюцца аб прычынах, якія заахвочваюць або якія дазваляюць грамадзянам здзяйсняць цяжкія злачынствы.

Наяўнасць смяротнага пакарання незваротна паглыбляе грамадства ў працэс вынясення і выканання прысуду – са сродкаў масавай інфармацыі грамадзяне ведаюць (часта вымушана), калі вынесены, калі выкананы смяротны прысуд, і гэтая інфармацыя, у рэшце рэшт, успрымаецца натуральна.

Аднак гэта прымітыўнае ўспрыманне абясцэньвае не толькі жыццё злачынцы, а чалавечае жыццё як такое – забіць можна.

Праваабаронцы “Вясны” лічаць, што жыццё з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, натуральным і неад'емным правам чалавека. Смяротнае пакаранне расцэньваецца як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека.

Падпішыце петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

“Кожны мае права”: Смяротнае пакаранне ў Беларусі

Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы” у прававым лікбезе ад “Вясны” распавядаем пра смяротнае пакаранне ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства