Пасля сутак на Акрэсціна суд Глеба Рубанава перанеслі Дапоўнена
У сераду, 8 траўня, суд Савецкага раёна г. Мінска пачаў разгляд адміністрацыйнай справы IT-кансультанта Глеба Рубанава за рэпост у сацыяльных сетках у межах флэшмоба #яэкстрэміст.
Справа ўзбуджаная паводле ч.2 арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічыняў (ад 255 да 1275 рублёў) або адміністрацыйны арышт.
Але дзяжурны суддзя так і не разгледзеў адміністрацыйную справу Глеба Рубанава 8 траўня па сутнасці. Суд перанеслі, яму ўручылі позву на 16 траўня на 10.00.
Ноч перад судом Глеб Рубаноў правёў ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна. Як напярэдадні паведамляла яго жонка Насця Рубанова ў фэйсбуку, у сувязі з шматлікімі парушэннямі яго правоў падчас і пасля затрымання, у тым ліку, катаваннем голадам, у ЦІП на Акрэсціна Глеб Рубанаў абвясціў галадоўку. Пасля суда, які так і не абдыўся, яго адпусцілі дадому.
Нагадаем, ноччу з 6 на 7 траўня Глеба Рубанава прыкладна ў 4:30 супрацоўнікі міліцыі падманам выманілі на вуліцу. Калі ён выйшаў з кватэры, яго затрымалі і адвезлі ў Савецкі РУУС г. Мінска. Пасля чаго змясцілі на ЦІП на Акрэсціна да суда.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96