Бяляцкі: Фінансавая дапамога Еўрасаюза не павінна быць безумоўнай
У панядзелак, 18 лютага, старшыня праваабарончай арганізацыі “Вясна” Алесь Бяляцкі сустрэўся з прадстаўніцтвам Еўрасаюза ў Беларусі і з еўрапейскім камісарам па бюджэту і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Этынгерам.
На сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама цяжкасці, якія беларускія ўлады ствараюць у працы грамадзянскіх арганізацый.
Як адзначыў праваабаронца Алесь Бяляцкі, любое фінансаванне мусіць абумоўліваецца пэўнымі ўмовамі.
“Фінансавая дапамога Еўрасаюза не павінна быць безумоўнай. Мы чакаем ад беларускіх уладаў сістэмных зменаў у сітуацыі з правамі чалавека, з дэмакратычнымі прынцыпамі ў Беларусі і справядлівым судом”, — падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
Раніцай 18 лютага еўрапейскі камісар Гюнтэр Этынгер сустрэўся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, якія абмеркавалі фінансаванне праектаў па лініі «Ўсходняга партнэрства», якія тычацца і Беларусі, піша “Радыё Свабода”.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96