У Мінску затрыманы тры чалавекі за дзёрзкае графіці Дапоўнена
У Мінску 21 студзеня былі затрыманыя некалькі актывістаў анархічнага руху. Вядома, што сярод затрыманых – Дзмітрый Паліенка і Яўген Чуліцкі. Узбуджана крымінальная справа за нанясенне графіці па арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці).
Арт. 341 КК: Апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства - караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або арыштам на тэрмін да 3 месяцаў.
Увесь учорашні дзень, як паведамляе ў сацыяльных сетках Марына Касінерава, затрыманыя правялі ў РУУС Заводскага раёна і Следчым камітэце. Толькі вечарам з’явілася інфармацыя, што яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Прыкладна ў 10 гадзін раніцы на кватэры ў Яўгена Чуліцкага адбыўся ператрус, які праводзілі чатыры супрацоўнікі следчых органаў. Былі забраныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.
Па папярэдняй інфармацыі, былога палітвязня Зміцера Паліенка з сябрамі вінавацяць, што яны нібы 22 снежня мінулага года нанеслі графіці "Менты забіваюць людзей" на сцяну аднаго з гарадскіх будынкаў на вуліцы Ахоцкай.
Між тым, у Тэлеграм-канале Волна projekt. паведамляецца аб тым, што аднаму з анархістаў – Івану Комару ўдалося збегчы ад супрацоўнікаў міліцыі, якія чакалі яго каля дзвярэй пад’езда. Пакуль ягоны лёс невядомы.
22 студзеня бацька Яўгена Чуліцкага пацвердзіў, што яго сын знаходзіцца ў ІЧУ у статусе падазраванага па артыкуле 341 КК РБ. Ён чакае сустрэчы з адвакатам.
Пазней стала вядома, што і Дзмітрый Паліенка таксама знаходзіцца ў статусе падазраванага па гэтай справе. Затрыманы таксама трэці падазраваны (прозвішча пакуль невядома).
У гэты ж дзень праваабаронцам стала вядома, што знікла сяброўка Дзмітрыя Паліенкі Наста Гусева. Яна са ўчорашняга дня не выходзіць на сувязь з сябрамі. Меркавана, яна таксама знаходзіцца ў ІЧУ і, адпаведна, з'яўляецца трэцяй падазраванай па справе.