Вызначаны шорт-ліст Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў
30 лістапада праваабарончая супольнасць Беларусі вызначыла шорт-ліст штогадовай Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека.
Так у намінацыі “Праваабронца года” у спіс увайшлі:
Вольга Смалянка, Цэнтр прававой трансфармацыі
Генадзь Федыніч і Ігар Комлік, Незалежны прафсаюз РЭП
Наста Лойка, Human Constanta
У намінацыі “Журналіст года” вылучаныя:
Таццяна Каравенкова, БелаПАН
Ірына Леўшына, БелаПАН
Аляксандр Тамковіч, “Свабодныя навіны”
За званне найлепшай “Праваабарончай кампаніі/ініцыятывы года” будуць змагацца:
“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”
Кампанія супраць пабудовы акумулятарнага завода ў Брэсце.
Юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка, які ўваходзіў у склад арганізацыйнага камітэта прэміі, адзначае:
“Усе намінанты, якія вылучаліся “Вясной”, патрапілі ў шорт-ліст прэміі. І я рады, што ў шорт-ліст увайшла кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, якая ўжо неаднойчы вылучалася ў межах прэміі. Гэта вельмі значная кампанія, якая існуе з 2009 года і змагаецца за адмену смяротнай кары ў Беларусі – апошняй краіне ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе гэты від пакарання.
Вылучэнне кампаніі на ўзнагароду – яшчэ адна магчымасць нагадаць пра неабходнасць прыняцця тэрміновых мераў па адмене ці ўвядзенню мараторыя на смяротнае пакаранне, асабліва на фоне прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў у лістападзе гэтага года”.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 10 снежня 2018 года, у дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”. З 2011 года прэмія з'яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Адвакат года” (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе – “Кампанія/ініцыятыва года”.
Арганізацыямі-сузаснавальніцамі прэміі з'яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава,Камітэт “Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.
Да вызначэння лаўрэатаў прэміі арганізацыямі-сузаснавальніцамі было запрошана шырокае кола беларускіх праваабарончых арганізацый і арганізацый, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончую кампаненту.