Затрыманні пасля “Марша недарамаедаў” у Маладэчне Відэа Дапоўнена
У Маладэчне ўвечары 10 сакавіка, у той час як удзельнікі “Маршу недармаедаў” разыходзіліся ад будынка падаткавай інспекцыі, дзе завершылася акцыя, пачаліся затрыманні.
Фактычна на вачах у назіральнікаў затрымалі 16-гадовага падлетка, які ішоў па вуліцы ў кампаніі з 5 -7 чалавек. Хлопца, які сярод іншых вылучаўся тым, што быў у арафатцы на твары, людзі ў цывільным жорстка запіхалі ў машыну і павезлі. Па словах яго спадарожнікаў, ён не вылучаўся грамадзянскай актыўнасцю, захапляецца спортам і музыкай.
Таксама паступіла інфармацыя пра затрыманне сацыял-дэмакрата Алеся Абрамовіча, які падчас мітынгу выступаў з мегафонам.
Апроч таго, стала вядома пра брутальнае затрыманне (закінулі у мікрааўтобус тварам у падлогу) мінскіх выступоўцаў – Анатоля Лябедзькі, Юрася Губарэвіча, Віталя Рымашэўскага, актывісткі БХД Вольгі Кавальковай. Усіх даставілі ў Маладэчанскі РАУС, дзе разбіральніцтва над імі адбываецца на чале з кімсьці з начальнікаў па прозвішчы Кісель.
АГП апублікавала відэа з затрымання мінскіх палітыкаў і журналіста БелаПАН Сяргея Каралевіча, якое здымаў Анатоль Лябедзька.
Журналістаў і назіральнікаў, якія прыйшлі ў Маладэчанскі РАУС, каб высветліць лёсы затрыманых, выгналі адтуль - "не зала чакання". Дзверы ў будынак РАУСа зачынілі.
За час дзяжурства пад РАУСам назіральнікі высветлілі, што па дарозе з акцыі былі затрыманыя яшчэ некалькі чалавек. Адзін з іх - Ілля Бондар (на здымку), якога выпусцілі з РАУСу раней, распавёў ім, што там знаходзяцца двое ягоных сяброў - Яўген Радкевіч і Рыгор Аўсяннікаў (усе поўнагадовыя), і яшчэ некалькі чалавек, сярод якіх ёсць дзяўчына. Хлопец паведаміў, што на яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП і падзяліўся тым, як "негасцінна" праводзілі іх затрыманне: ДАІ спыніла таксі, у якім яны вярталіся з мітынгу, тут жа пад'ехаў мікрааўтобус, у які хлопцаў закінулі, загадаўшы не падымаць галавы, білі, пры гэтым прычыну затрымання не патлумачылі.
Як стала вядома, раніцай 10 сакавіка быў затрыманы каардынатар БХД па Маладэчне Раман Ганчароў. Каля сутак пра яго не было ніякіх звестак, на запыт сваякоў у РАУС адказалі, што нічога не ведаюць. І толькі 11 сакавіка высветлілася, што яму далі 5 сутак арышту.