viasna on patreon

Павел Вінаградаў: У нас закон куды павернуць – туды ён і павернецца

2016 2016-06-10T13:23:47+0300 2016-06-10T13:25:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vinagradau-pavel-s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Вінаградаў. Фота Радыё Свабода.

Павел Вінаградаў. Фота Радыё Свабода.

Днямі суд усталяваў прэвэнтыўны нагляд за Паўлам Вінаградавым. Гэтага запатрабавала крымінальна-выканаўчая інспекцыя Маскоўскага раёна Мінска, спаслаўшыся на 4 адміністрацыйныя парушэнні з боку актывіста з кастрычніка мінулага году, калі скончыўся тэрмін былога нагляду за ім.

“Я, безумоўна, не магу сцвярджаць са стопрацэнтнай упэўненасцю, што гэта палітычнае рашэнне, аднак некаторыя супадзенні наводзяць на роздумы, – распавёў Павел Вінаградаў сайту palitviazni.info.

Нагляд у мяне заканчваецца, калі закончыцца судзімасць – 14 верасня. А выбары пройдуць 11 верасня. Магчыма, камусьці захацелася прыцішыць маю вулічную актыўнасць падчас палітычнай кампаніі”.

Нагадаем, актывіст Павел Вінаградаў быў двойчы судзімы за дзеянні, звязаныя з апазіцыйнай барацьбой. У 2008 годзе яго асудзілі на 2 гады хатняй «хіміі» за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Незалежнасці, а ў 2011 годзе — на 4 гады зняволення за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 году.

Праз 8 месяцаў зняволення Павел Вінаградаў быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам, але пасля выхаду на волю за ім усталявалі прэвэнтыўны нагляд агулам на 3,5 года. Падчас гэтага тэрміну актывіст амаль год пражыў у Беразіно, адкуль вярнуўся ў Мінск у кастрычніку 2015 году.

– Я да апошняга спадзяваўся, што грамадзяне, якія збіраліся прымаць рашэнне па майму нагляду, будуць крыху разумнейшыя, – кажа Павел Вінаградаў. – І рашэнне гэтае хуценька адменяць. Таму што ўладзе падчас парламенцкай кампаніі трэба быць крыштальна чыстымі, а то Захад можа і не даць крэдыт. Каму патрэбен сёння палітычны пераслед? Нікому. Максімум – штрафы. Але ж нехта, відаць, прыняў іншае рашэнне.

– Ускосным чынам вы звязваеце ўсталяванне нагляду над вамі з парламенцкімі выбарамі?

– Я, безумоўна, не магу сцвярджаць са стопрацэнтнай упэўненасцю, што гэта палітычнае рашэнне, аднак некаторыя супадзенні наводзяць на роздумы. Нагляд у мяне заканчваецца, калі закончыцца судзімасць – 14 верасня. А выбары пройдуць 11 верасня. Магчыма, камусьці захацелася прыцішыць маю вулічную актыўнасць падчас палітычнай кампаніі.

Што вам зараз можна, а што нельга?

– Мне нельга знаходзіцца па-за межамі пражывання пасля 19.00, і, дарэчы, да мяне ўжо прыходзілі з праверкамі. Нельга пакідаць горад без дазволу міліцыі, межы краіны. Я абавязаны хадзіць і адзначацца чатыры разы ў месяц. Усё астатняе можна. Дарэчы, звычайна пад наглядам забараняецца наведваць месцы, дзе рэалізуюць алкагольныя напоі, але гэтую магчымасць мне чамусьці пакінулі. Тут наогул часам прымаюцца такія нечаканыя рашэнні, што яны ніякай логіцы не паддаюцца.

– Што кажуць юрысты з нагоды такога рашэння?

– Кажуць, што гэта беззаконне. Яшчэ да пасяджэння я наведаўся да юрыстаў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, і тыя сказалі, што нельга ўсталёўваць нагляд на 6 месяцаў, калі да зняцця судзімасці засталося менш часу. Такое проста не прадугледжана законам. Але ж у нас закон куды павернуць – туды ён і павернецца.

– Як настрой пасля такога “падарунка” ад уладаў?
– Нармальны. Вытрымаў тры з паловай гады – вытрымаю і тры з паловай месяцы.

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства