viasna on patreon

Вынесены другі смяротны прысуд ў гэтым годзе (дапоўнена)

2016 2016-02-16T14:57:50+0300 2016-02-17T11:20:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hmialieuski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Хмялеўскі. Фота tut.by

Сяргей Хмялеўскі. Фота tut.by

Па папярэдняй інфармацыі, якая стала вядомая прадстаўнікам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” на днях Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд жыхару Мачулішчаў Мінскага раёна.

Па наяўнай інфармацыі, гэты вырак быў вынесены пасля перагляду ягонай крымінальнай справы, па якой раней гэты грамадзянін быў асуджаны да пажыццёвага зняволення.

Як паведамляе naviny.by, 15 лютага Мінскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу 31-гадовага ўраджэнца вёскі Мачулішчы Мінскага раёна Сяргея Хмялеўскага. Вядома, што мужчына здзейсніў жорсткае забойства двух і больш асоб.

Раней абвінавачаны быў неаднаразова судзімы - за крадзеж, рабаванне, разбой, хуліганства, наўмыснае прычыненне менш цяжкага пашкоджання, уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. (ч.2 арт. 205 КК - 1999 год; ч. 2 арт. 205 КК -2000 год; ч.2 арт. 339 КК - 2001 год; ч.2 арт.149 КК, ч.3 арт. 207 КК, ч. 1 арт. 172 КК - 2003 год; ч.2 арт. 206 КК, ч. 3 арт. 339 КК, арт. 415 КК - 2010 год).
Па апошняй крымінальнай справе яму было прад'яўленае абвінавачванне ў забойстве двух і больш асоб, учыненым з асаблівай жорсткасцю з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне. А таксама ў крадзяжы, замаху на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, незахаванні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

Як піша Tut.by, крымінальная справа была ўзбуджаная ў лістападзе 2014 года, пасля таго як у Мінскім раёне пры тушэнні пажару ў прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлыя целы 49-гадовага мясцовага жыхара і яго 48-гадовай сужыцелькі. На целах загінулых былі выяўленыя шматлікія колата-рэзаныя раны шыі і галавы. Следчыя прыйшлі да высновы, што падпал дома быў ажыццёўлены з мэтай утойвання слядоў злачынства.

Пакідаючы месца злачынства, абвінавачаны ў двары дома забітых сустрэў 57-гадовага аднавяскоўца. Жадаючы пазбавіцца ад сведкі, сапхнуў яго ў бетонную яму глыбінёй два метры. У выніку падзення пацярпеламу былі прычынены шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі тыдняў ён памёр у бальніцы.

Гэта другі смяротны прысуд вынесены ў Беларусі ў 2016 годзе. Нагадаем, прысудам Мінскага абласнога суда ад 5 студзеня 2016 года Генадзь Якавіцкі, неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства