Да Шабнам Худайдодавай не пускаюць адваката
Больш за дзесяць дзён не дапускаюць адваката ў следчы ізалятар горада Брэста да арыштаванай актывісткі «Групы 24» Шабнам Худайдодавай.
Як паведаміла Міжгона Худайдодава, сястра актывісткі з Таджыкістану, адвакат ужо працяглы час не можа патрапіць да арыштаванай. Па гэтай прычыне Шабнам Худайдодава знаходзіцца ў інфармацыйнай ізаляцыі, што прычыняе ёй маральныя пакуты.
Прычына, па якой адваката не дапускаюць ў следчы ізалятар, заключаецца ў тым, што Генеральная пракуратура Беларусі не выдае спецыяльнага дазволу на наведванне падабароннай.
«Раней усе адвакаты для наведвання сваіх падабаронных у СІЗА або ІЧУ атрымлівалі такія дазволы. Але больш за год таму гэта практыка была адменена як незаконная. Чамусьці яна захавалася для наведвання асоб, якія ўтрымліваюцца ў рамках міжнародных канвенцый.
Але праблема нават не ў атрыманні дазволу. Больш сур'ёзная праблема ў тым, што орган, які вядзе працэс, не дае дазвол ці зацягвае з выдачай дазволу на наведванне кліента ў СІЗА, як мы гэта назіраем у выпадку з Шабнам Худайдодавай. Міжнароднымі органамі ўтрыманне пры такіх умовах прыраўноўваецца да катаванняў», - каментуе сітуацыю юрыст-праваабаронца Раман Кісляк.
У сваю чаргу, Асацыяцыя "Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» - AHRCA выказвае занепакоенасць у сувязі з тым, што Шабнам Худайдодава ў Беларусі не мае доступу да абароны і адрэзаная ад знешняга свету, а такія ўмовы ўтрымання наносяць шкоду яе здароўю і параўнальныя з катаваннямі.
У гэтай сувязі праваабарончая арганізацыя заклікае міжнародных назіральнікаў у галіне правоў чалавека заклікаць Беларусь выконваць абавязальніцтвы ў межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.
Нагадаем, актывістка апазіцыі з Таджыкістана Шабнам Худайдодава была затрымана ў Беларусі 15 чэрвеня і змешчана ў СІЗА г. Брэста. Яе затрымалі па запыце Таджыкістана, паколькі яна абвінавачваецца па артыкуле 37 Крымінальнага кодэкса Таджыкістана - «Адказнасць саўдзельнікаў злачынства». Актывісцы пагражае экстрадыцыя з Беларусі, катаванні і зняволенне на радзіме. Асацыяцыя «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» - AHRCA расцэньвае крымінальны пераслед Ш. Худайдодавай палітычна матываваным.