Наглядная скарга праваабаронцы не задаволена
Старшыня Брэсцкага абласнога суда Тамара Сучок не задаволіла наглядную скаргу праваабаронцы Сяргея Гоўшы па справе аб забароне пікета да Дня правоў чалавека. Раней суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы і судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда прызналі дзеянні Баранавіцкага гарвыканкама па забароне пікета законнымі. Сяргей Гоўша прасіў старшыню абласнога суда адмяніць гэтыя судовыя пастановы, а таксама незаконнае, на думку праваабаронцы, рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама аб забароне пікета 10 снежня 2014 года.
– Я вельмі расчараваны рашэннем старшыні абласнога суда Тамара Сучок. Вось цяпер і яна “не заўважыла”, што не заяўнікі, а Баранавіцкі гарвыканкам парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, бо не толькі не ўказаў матывы, па якіх пікет быў забаронены, а нават несвоечасова адказаў на нашую пісьмовую заяву. Мяне здзіўляе, што суддзя Тамара Сучок таксама не прыняла да ўвагі мае тлумачэнні аб незаконнасці патрабаванняў з боку гарвыканкама ад заяўнікаў адносна заключэння дамоў з міліцыяй па ахове грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў, чым парушалася Пастанова Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207. Неаргументаванымі таксама выглядаюць тлумачэнні старшыні абласнога суда, што мы ў сваёй заяве не ўказалі меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем і прыборкай тэрыторыі пасля пікета, – пракаментаваў Сяргей Гоўша.
Праваабаронца ўпэўнены, што сітуацыя вакол забароны пікета да Дня правоў чалавека і рашэнні судоў 2-х інстанцый сапраўды выглядаюць абсурднымі, бо ў заяве было сказана, што да яе прыкладаюцца копіі дамоў з паліклінікай і ЖКГ. Таксама ў заяве ў гарвыканкам меліся абавязальніцтвы заяўнікаў масавага мерапрыемства аб тым, што яны абавязуюцца забяспечыць грамадскі парадак падчас пікета. Але гарадскія і абласныя суддзі чамусьці “не заўважаюць” гэтых дакументаў і падтрымліваюць незаконныя рашэнні, на думку праваабаронцы, каб захаваць “гонар мундзіра”.
Сяргей Гоўша не згодны з рашэннем старшыні Брэсцкага абласнога суда і мае намер абскардзіць яго ў Вярхоўным судзе.