Суддзя, які разгалосіў медыцынскую таямніцу, атрымаў вымову
Магілёўскі суддзя Станіслаў Леўчанка атрымаў вымову. Нагодай для яе стала перадача пікантных падрабязнасцяў судовага працэса над транссэксуалам і далейшае разгалошванне медыцынскай таямніцы ў публікацыі ў мясцовай газеце “Вячэрні Магілёў”.
Акрамя таго, журналісты ў абразлівай форме прыпаднеслі інфармацыю пра Дзмітрыя з вёскі Макаранцы Магілёўскага раёна (на фота), якога абвінавачвалі ў крадзяжы. Інфармацыя пра публікацыю мясцовай газеты выклікала рэзананс у беларускім грамадстве. Гэтую публікацыю шэраг вядомых журналістаў назвалі горшым артыкулам у гісторыі незалежнай Беларусі. З нагоды публікацыі збіралася камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якая канстатавала, што аўтары публікацыі не мелі права разгалошваць інтымныя акалічнасці жыцця ўзгаданага грамадзяніна.
Журналісты прыйшлі да высновы, што рэдактарка газеты “Вячэрні Магілёў” Надзея Леўчанка з’яўляецца маці суддзі Станіслава Леўчанкі, і што дзякуючы менавіта гэтаму сталі вядомы дэталі і акалічнасці судовай справы.
Пра атрыманне Станіславам Леўчанка вымовы паведаміў магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў, які звяртаўся з нагоды разгалошвання інтымных падрабязнасцяў справы суддзёй у прэсе са скаргай на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда.
- У адказе, які я атрымаў, пазначаецца, што 20 лютага 2015 года суддзя Леўчанка быў падвергнуты дысцыплінарнаму спагнанню ў выглядзе вымовы. Спадзяюся, што гэта будзе для яго добрым урокам, - кажа Аляксандр Хамратаў.
Трэба адзначыць, што Станіслаў Леўчанка вядомы ў Магілёве таксама і сваімі палітычнымі рашэннямі. Так, менавіта ён разглядаў справу аб канфіскацыі незалежных газет “НАШ Магілёў” і “Сацыял-дэмакрат” у намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігара Барысава летась. Тады сацыял-дэмакрат атрымаў штраф у памеры 4,5 мільёнаў рублёў.
Яшчэ адной асаблівасцю з’яўляецца тое, што Станіслаў Леўчанка акрамя судзейскай практыкі займаецца выкладчыцкай дзейнасцю – чытае лекцыі ў адным з магілёўскіх універсітэтаў. Чаму ён вучыць студэнтаў, патрабуе дадатковага вывучэння.