Актывіст “Альтэрнатывы” пакараны арыштам за адзіночны пікет
15 снежня суд Цэнтральнага раёна Мінска пакараў актывіста грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” Аляксея Шубару арыштам на сем сутак за пікет супраць палітыкі Пуціна.
Суддзя Наталля Вайцэховіч прызнала яго вінаватым па арт.23.34 КаАП ("парушэнне заканадаўства аб масавых мерапремствах"). Сведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Мінска Грызенка і Корзун, якія ажыццяўлялі затрыманне актывіста.
Аляксей Шубара быў затрыманы 12 снежня ў цэнтры горада, непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы. Ён стаяў у адзіночным пікеце з бел-чырвона-белым сцягам, трымаючы ў руках плакат з надпісамі “Людзі, трэба тэрмінова спыніць Пуціна” і “Не сусветнай вайне”, выказваючы такім чынам пратэст супраць палітыкі прэзідэнта Расіі і распальвання трэцяй сусветнай вайны.
Выходныя да суду актывіст правёў у Цэнтральным РУУС Мінска.