Міліцыя Акцябрскага просіць грамадзян выклікаць «102» пры з'яўленні ў населеных пунктах «асоб цыганскай нацыянальнасці»
У раённай газеце «Чырвоны кастрычнік» (Акцябрскі раён Гомельскай вобласці) выйшаў артыкул аўтарства мясцовай міліцыі з заклікам да грамадзян праяўляць пільнасць. Міліцыя папярэджвае, што часта ахвярамі злачынцаў робяцца састарэлыя людзі і пенсіянеры.
Як жа пазбегнуць махлярства і іншых злачынстваў? Міліцыя праз газету дае парады, першая з якіх гучыць так: «Сцеражыцеся асоб цыганскай нацыянальнасці, якія пад любой падставай (варажбы, продажу тавараў, куплі хатніх жывёл, папіць вады) спрабуюць пранікнуць у ваша жыллё і здзяйсняюць крадзяжы грошай, каштоўнасцяў».
Таксама пенсіянерам раяць зачыняць жыллё на замок, не давяраць незнаёмым людзям і так далей. Пералік неабходных мер бяспекі і захавання сваёй маёмасці перапыняецца чарговым напамінам: «Асабліва выклікае неспакой здзяйсненне злачынства ў дачыненні да дадзенай катэгорыі грамадзян асобамі цыганскай нацыянальнасці».
І на заканчэнне міліцыя піша: «У выпадку з'яўлення ў населеных пунктах раёна асоб цыганскай нацыянальнасці, а таксама работнікаў сацыяльных службаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія выклікаюць падазрэнне, просьба неадкладна паведаміць у аддзел унутраных спраў па тэл. 102». Значыць, пад падазрэнне ўжо трапілі не толькі цыганы, але і супрацоўнікі сацыяльных і камунальных службаў?
Нагадаем, гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка неаднаразова ўздымалі на ўсіх узроўнях праблему дыскрымінацыі ў дачыненні цыганскага народу. Некалькі гадоў таму галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці абяцала ў адказе праваабаронцам, што рэдактары газет будуць сачыць за тым, каб у матэрыялах не ўказвалася нацыянальнасць злачынцаў ці падазроных асоб. З МУС быў атрыманы адказ, што «сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пастаянна вядзецца тлумачальная праца ў мэтах недапушчальнасці канкрэтызацыі ў публічных выступах расавых, этнічных і рэлігійных прыкмет злачынцаў».
Беларускае заканадаўства забараняе дыскрымінацыю па якой бы там ні было прыкмеце – расавай, нацыянальнай і так далей. Толькі ў газетах як з'яўляліся артыкулы на тэму «Асцярожна, цыганы», так і працягваюць выходзіць у друк.