viasna on patreon

Скаргі Генадзя Лойкі на дыскрымінацыйныя рашэнні суда Цэнтральнага раёна Менска не задаволеныя

2014 2014-06-12T11:15:36+0300 2014-06-12T11:42:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lojka-stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч і Генадзь Лойка на судзе. Фота Радыё Свабода.

Валянцін Стэфановіч і Генадзь Лойка на судзе. Фота Радыё Свабода.

Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда, разгледзеўшы 12 чэрвеня касацыйныя скаргі Генадзя Лойкі на рашэнні суда Цэнтральнага раёна Менска, адмовіла ў іх задавальненні. Беларускамоўны мастак і грамадзянскі актывіст Лойка праз суд абскарджваў дзеянні "Белінвестбанка" і КДБ, якія парушылі ягонае канстытуцыйнае права карыстацца роднай мовай пры заключэнні дамоваў і запаўнення іншых банкаўскіх дакументаў.

Калегія Менскага гарадскога суда не знайшла працэдурных парушэнняў пад час вынясення рашэння судом Цэнтральнага раёна Мінска  па справе Генадзя Лойкі 11 красавіка. 

Нагадаем, суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Алена Сямак адхіліла пазоў Генадзя Лойкі супраць “Белінвестбанка”, праігнараваўшы аргументы заяўніка і прадстаўніка грамадскасці Валянціна Стэфановіча аб дыскрымінацыйным падыходзе банка да беларускай мовы.  Сутнасць пазову Генадзя Лойкі была ў тым, што з 2012 году ён дамагаецца ад кіраўніцтва «Белінвестбанка» магчымасці абслугоўвацца па-беларуску. Банк адмаўляе яму ў гэтым, спасылаючыся на «тэхнічныя прычыны», а кіраўніцтва банка лічыць «немэтазгоднай» замену тэхнічнага забеспячэння з прычыны высокай затратнасці.

Суд адмовіў у задавальненні скаргі, спаслаўшыся на тую акалічнасць, што ў адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі мовамі у краіне з’яўляюцца беларуская і руская мова.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што “фактычна Генадзя Лойку суд Цэнтральнага раёна Менска пазбавіў удзелу ў працэсе, адмовіўшыя прадставіць яму перакладчыка і менавіта таму Калегія па грамадзянскіх справах Менгарсуда павінна была адмяніць судовае рашэнне. Сённяшні працэс яскрава паказаў, што гарантаваная Канстытуцыяй Беларусі роўнасць беларускай і рускай моў ні што іншае, як пустая дэкларацыя. На самой справе, выходзіць, што ў нас дзяржаўная мова адна – руская”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства