Рада ПЦ “Вясна” чарговы раз заяўляе пра законнасць дзейнасці арганізацыі ў Беларусі
10 снежня 2013 года Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь на адрас намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча быў дасланы адказ на ягоны запыт аб уключэнні сайту Праваабарончага цэнтру “Вясна” www.spring96.org у спіс абмежаванага доступу.
Паводле дадзенага адказу сайт арганізацыі быў унесены ў спіс абмежаванага доступа паводле рашэння Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у жніўні 2011 г. у сувязі з тым, што “дзеянні ад імя Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”. Генеральная пракуратура таксама нагадвае, што за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці арганізацыі, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць.
У сувязі з гэтым Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” адзначае наступнае:
У адпаведнасці з арт. 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усталяваны вычарпальны пералік абмежаванняў у дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў у Рэспубліцы Беларусь, згодна з якім забараняецца стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу альбо прапагандуючых вайну, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную і расавую варажнечу.
Згодна з арт. 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права на свабоду асацыяцыі з іншымі, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх для абароны сваіх інтарэсаў. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
Паводле арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыя аб праваабаронцах), зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 г., кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыцяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
У сваёй дзейнасці Праваабарончы цэнтр “Вясна” заўсёды кіраваўся і кіруецца дадзенымі палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама вышэйуказанымі міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь .
Трэба адзначыць, што рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” у лістападзе 2003 г, у адпаведнасці з рашэннем Камітэта па правах чалавека ААН ад 7 жніўня 2007 г. № 1296/2004 было прызнана парушэннем права на свабоду асацыяцыў, якое Беларусь павінна забяспечыць у адпаведнасці сваім абавязацельствам па МПГПП. Ураду было прапанавана забяспечыць заснавальнікам арганізацыі адпаведныя сродкі прававой абароны, уключна з перарэгістрацыяй ПЦ “Вясна” і кампенсацыяй.
Ратыфікаваўшы МПГПП і першы Факультатыўны пратакол да яго Рэспубліка Беларусь узяла на сабе абавязацельствы не толькі не ўмешвацца і не ствараць перашкоды законнай дзейнасці правабаронцаў, але і пазытыўныя абавязацельствы аб стварэнні належных умоваў для такой дзейнасці. Пра гэта таксама было адзначана ў рашэнні Працоўнай групы па адвольных затрыманнях Рады па правах чалавека ААН, прынятай шэсцьдзясят чацвёртай сесіяй 27-31 жніўня 2012 года.
Насуперак узятым на сабе абавязацельствам Урад краіны не толькі не выканаў рашэнне КПЧ ААН, але і тройчы адмовіў у рэгістрацыі новаствораных сябрамі ПЦ “Вясна” грамадскіх аб’яднанняў. У выніку з відавочным нежаданнем легітымізацыі дзейнасці арганізацыі, сябры Рады ПЦ “Вясна”, у тым ліку старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі заявілі аб працягненні сваёй дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі.
Датычна крымінальнай адказнасці за факт ажыцяўлення дзейнасці арганізацыі без дзяржаўнай рэгістрацыі, устаноўленай арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі і беларускімі праваабарончымі арганізацымі неаднаразова заяўлялася аб неканстытуцыйным характары гэтага артыкула, аб яго неадпаведнасці міжнародным нормам у галіне правоў чалавека. Адпаведная ацэнка арт. 193.1 КК Рэспублік Беларусь была дадзеная і ў экспертна-прававым заключэнні Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіі пры Радзе Еўропы).
У сувязі з гэтым Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” у чарговы раз заяўляе, што:
Дзейнасць арганізацыі ў Беларусі носіць цалкам законны характар і мае на мэце легітымную дзейнасць, скіраваную на абарону правоў і свабодаў чалавека;
Дзейнасць дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, скіраваная на стварэнне перашкодаў, аказанне ціску ці пераследу за ажыцяўленне праваабарончай дзейнасці, з’яўляецца парушэннем Канстытуцыі і ўзятых на сабе дзяржавай міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека;
Нагадвае аб патрабаваннях міжнароднай і беларускай праваабарончай супольнасці аб неадкладным і безумоўным вызваленні старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.
Мінск, 16 снежня 2013 г.