Крымінальная справа грамадзян Расіі перададзена ў Генпракуратуру
Крымінальная справа ў дачыненні да двух грамадзян Расіі Арцёма Брэуса і Івана Гапонава, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК), перададзена для вывучэння і вызначэння падсуднасці ў Генеральную пракуратуру.
Пра гэта паведаміў саветнік пасольства РФ у Беларусі Вадзім Гусеў са спасылкай на следчыя органы.
У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам Генпракуратура на працягу пяці сутак павінна або накіраваць матэрыялы крымінальнай справы ў суд, або спыніць вытворчасць, або накіраваць справу на дадатковае расследаванне, сказаў Вадзім Гусеў.
Нагадаем, адвакаты расіян маюць намер 8 лютага падаць хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да падабаронных крымінальнай справы, бо, як адзначыў Вадзім Гусеў, "прадстаўленыя беларускімі следчымі органамі доказу іх удзелу ў масавых беспарадках выглядаюць па меншай меры несур'ёзна".
Пасольства, паводле слоў Вадзіма Гусева, уважліва азнаёмілася з пастановамі аб прыцягненні грамадзян РФ Брэуса і Гапонава ў якасці абвінавачаных па справе аб масавых беспарадках. Ён адзначыў, што апрача іншага здзіўленне выклікаў той факт, што расіяне нібыта "бралі ўдзел у масавых беспарадках па папярэдняй змове паміж сабой і іншымі неўстаноўленымі асобамі". Тым часам Брэус і Гапонаў, згодна з іх заявамі, ніколі не былі знаёмыя.
У пастановах, паводле слоў прадстаўніка пасольства, таксама ішла гаворка аб аказанні расіянамі сілавога ўздзеяння на супрацоўнікаў органаў правапарадку, аднак у пададзеных следствам відэаматэрыялах пацверджанне гэтаму адсутнічае. Дыпламат таксама звярнуў увагу на тое, што знікла згадванне аб тым, што Брэус і Гапонаў маюць дачыненне да пашкоджання ўваходных дзвярэй у Доме ўрада.
"З усяго гэтага напрошваецца вывад пра адсутнасць важных і дастатковых доказаў ва ўчыненні грамадзянамі Расіі злачынства, што ставіцца ім у віну беларускім следствам, — сказаў Вадзім Гусеў. — Пасольства дамагаецца большай выразнасці ў справе аб затрыманых расійскіх грамадзянах ад беларускага боку". У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, накіраваны ліст генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу.