Сясцёр Пашко пракуратура папярэдзіла і за Плошчу, і за ўдзел у БХД
Юля і Кацярына Пашко з Брэста 25 студзеня атрымалі афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчэньні парушэньня заканадаўства, падпісанае саветнікам юстыцыі Аляксандрам Точкам. Падставамі для папярэджаньня стала нібыта актыўная дзейнасьць у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня 2010 года ў Мінску.
Супрацоўнік Брэсцкай абласной пракуратуры Міховіч, да якога былі выкліканыя сёстры, не дапусьціў да размовы ў якасьці грамадскага прадстаўніка праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна, да якога дзяўчаты звярнуліся па дапамогу.
Па словах праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, правы Юлі і Кацярыны Пашко адназначна парушаны работнікам пракуратуры Міховічам. Паколькі сёстры былі пазбаўленыя канстытуцыйнага права на прадстаўленьне інтарэсаў у дзяржустановах.
Па-другое, Пашко сцвярджаюць, што не з’яўляюцца актыўнымі сябрамі незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і пракуратура не валодае доказамі пра іх актыўны ўдзел. Калі ж Юля і Кацярына прымалі актыўны ўдзел у беспарадках 19 снежня, дык чаму іх не затрымалі адразу, не склалі пратакол і не разгледзелі справу ў судзе, сцвярджае праваабаронца Вялічкін.
Цікава, што па словах работніка пракуратуры Міховіча, пра ўдзел у акцыі на Плошчы нібыта паведаміў на допыце Зміцер Шурхай – давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага.
Аднак, як паведамляе "Радыё Рацыя" Зміцер Шурхай катэгарычна адмовіўся ад гэтага факту:
– Я заяўляю, што 19 снежня ў Мінску Юлію Пашко і Кацярыну Пашко я не бачыў і ніякіх сведчанняў пра тое, што яны прымалі ўдзел вечарам у акцыі пратэсту 19-га не даваў.