viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Працэс рэгістрацыі для нас як праваабаронцаў мае не меншае значэнне, чым сам факт рэгістрацыі

2009 2009-08-13T19:03:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/a_bialiatski8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі, абраны старшыня незарэгістраванай уладамі праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), асэнсоўвае працэс рэгістрацыі, падводзіць вынікі і дзеліцца планамі.

- Сп. Алесь, характарызуючы рашэнне Вярхоўнага Суда, Вы можаце сказаць, што яно для Вас было прадказальнае на ўсе 100%, ці яшчэ заставаліся нейкія спадзяванні?

- Калі мы планавалі трэцюю рэгістрацыю, то мелі некалькі мэтаў. І мэта сапраўды зарэгістравацца, на жаль, тут была далёка не першай. Пасля папярэдняй адмовы ў рэгістрацыі аб’яднання было зразумела, што, хутчэй за ўсё, такую адмову мы атрымаем і ў наступны раз.
Чаму? Таму што, падчас папярэдняй адмовы Мінюста ў рэгістрацыі “Нашай Вясны” я якраз быў у Бруселі, дзе абмяркоўвалася выкананне беларускімі ўладамі тых патрабаванняў, якія выставіў Еўразвяз падчас перыяду маніторынгу. Тады, фактычна,  вырашалася пытанне: працягваць гэтыя санкцыі ці замарозіць іх. Для беларускіх уладаў гэтае пытанне было дастаткова важнае і яны прыкладалі ўсе намаганні, каб гэтыя санкцыі былі замарожаныя ці адмененыя зусім. І, нягледзячы на гэта, яны не пабаяліся тады не даць нам рэгістрацыі. Хаця, вяліся размовы, і пра гэта я дакладна ведаю, дыпламатычнага замежнага корпусу з прадстаўніком МЗС, дзе пытанне “Нашай Вясны” ўздымалася. Ужо была рэзалюцыя Еўрапарламенту пра рэгістрацыю нашага аб’яднання. Тым не менш, усе гэтыя акалічнасці не спынілі беларускія ўлады ў тым, каб пайсці на такі крок.
І, улічваючы тое, што ўлады зноў атрымалі адтэрміноўку ад Еўразвяза, і тое, што рэгістрацыя “Нашай Вясны” не стала для замежнікаў такім ультыматыўным пунктам, як, напрыклад, рэгістрацыя Руху “За Свабоду”, канешне, спадзявацца на паўторную рэгістрацыю было марна. 
Тым не менш, сам па сабе перыяд маніторынгу працягваецца. І асабіста для нас важна было яшчэ раз паспрабаваць і паказаць механізм уціску дзяржавы на свабоду асацыяцыяў, што адбываецца ў Беларусі, несправядлівасць гэтага механізму.
Такім чынам, працэс рэгістрацыі для нас як праваабаронцаў меў не меншае значэнне, чым сама рэгістрацыя. Таму мы ставіліся да гэтага вельмі сур’ёзна, хаця разумелі, што шансаў на рэгістрацыю пры такой агульнай сітуацыі амаль не было.

- Падчас працэсу рэгістрацыі заснавальнікі “Нашай Вясны” неаднаразова заяўлялі пра намер дамагчыся шырокага рэзанансу ў міжнароднай супольнасці…

- Так, прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці – гэта была яшчэ адна з нашых задачаў. Мы імкнуліся актывізаваць гэтую тэму, каб міжнародная супольнасць не спынілася ў сваіх патрабаваннях дэмакратызацыі Беларусі пры кантактах з афіцыйным Мінскам.
І, мне падаецца, што нам гэта, прынамсі часткова, зараз удаецца.
Пытанне пра рэгістрацыю “Нашай Вясны” за гэты час прагучала ў рэзалюцыя ПАРЕ, якую беларускія ўлады не могуць ігнараваць, улічваючы тое, што яны хочуць атрымаць статус спецыяльна запрошанага ў Радзе Еўропы. І рэгістрацыя нашага аб’яднання як адно з патрабаванняў Рады Еўропы было для нас дастаткова важным. Тое самае можна сказаць пра  заяву па сітуацыі ў Беларусі, прынятую 16 ліпеня на паседжанні Пастаяннай рады АБСЕ ў Вене. У гэтым дакуменце Еўразвяз асуджае адмову ў рэгістрацыі “Нашай Вясны”. Пытанне па нашай рэгістрацыі абмяркоўвалася падчас дыялогу па правах чалавека паміж Еўразвязам і Беларуссю. Прычым, яно было адным з рамачных, асобных, пытанняў. Таксама мы вялі размовы з прадстаўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і міжнародных арганізацыяў, у першую чаргу з АБСЕ.
Да таго ж, падчас падрыхтоўкі да працэсу ў Вярхоўным Судзе ў краіну не пусцілі Прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сухайр Белхасэн. Я сказаў бы, што гэта кепскі знак для міжнароднай грамадскасці ў сэнсе адкрытасці беларускай дзяржавы ў такіх пытаннях, як развіццё грамадзянскай супольнасці, права на свабоду асацыяцыяў у Беларусі, якія ўлады ўспрымаюць неадназначна. Тут яны прадэманстравалі моцную абмежаванасць і недэмакратычнасць. Такі трывожны сігнал заўважылі фактычна ўсе міжнародныя структуры, якія назіралі за сітуацыяй у Беларусі.

- Пасля чарговай адмовы ў рэгістрацыі ці змяніліся вашыя планы?

- Падчас працэсу рэгістрацыі мы, прадстаўнікі праваабарончага аб’яднання, зрабілі дзве істотныя заявы. Першая – пра тое, што мы дзейнічалі, дзейнічаем і будзем дзейнічаць, незалежна ад наяўнасці рэгістрацыі. Другая – што трэцяя спроба рэгістрацыі будзе апошняй пры тым парадку рэчаў, які склаўся на сённяшні дзень ва ўзаемаадносінах уладаў з грамадзянскай супольнасцю. Прычым, мы акцэнтуем увагу на тым, што зрабілі ўсё, што  маглі зрабіць у дадзенай сітуацыі. Я думаю, што матэрыялы працэсу, якія будуць выкладзеныя на нашым сайце і распаўсюджаныя па ўсіх зацікаўленых міжнародных структурах, а таксама ацэнка міжнароднага эксперта, які прысутнічаў на судзе, пацвердзяць, што на сёння ў нашай краіне дэклараванае Канстытуцыяй, а таксама міжнароднымі дакументамі, якія ратыфікавала Беларусь, права на асацыяцыю моцна абмяжоўваецца. Але, спыняючы спробы рэгістрацыі, мы не спыняемся гаварыць пра гэта. Наадварот, мы будзем мець ужо адназначна акрэсленую пазіцыю, якая можа быць зменена толькі пры зменах у пытанні рэгістрацыі з боку ўлады.
Тры разы мы падавалі руку беларускім уладам, прапануючы цывілізаваныя адносіны (а менавіта рэгістрацыя і сведчыць пра такія адносіны паміж уладамі і няўрадавымі арганізацыямі), і тры разы нам у гэту руку клалі камень. Больш мы ніякіх рухаў рабіць не будзем. Будзем чакаць ужо нейкіх адваротных крокаў з боку беларускіх уладаў.

- А як вясноўцы ставяцца да таго, што ім даводзіцца працаваць пры наяўнасці крымінальнага артыкулу 193.1? 

- Можна сказаць, што, з аднаго боку, ужыванне гэтага артыкулу супраць грамадскіх актывістаў у Беларусі на сённяшні дзень замарожана, хаця нельга сцвярджаць, што цалкам. Але мы не бачым такіх вострых працэсаў, якія былі, напрыклад у 2006-07 гг. З іншага боку, патэнцыйна заўсёды ёсць пагроза ўжывання рэпрэсіяў супраць актывістаў незарэгістраваных грамадскіх арганізацыяў. І, прынамсі, апошнія дзеянні пракуратуры і супраць прыхільнікаў рэлігійных культаў, і супраць актывістаў Маладога Фронту (мы сочым за тым, што зараз адбываецца ў Брэсце з Міхасём Ільіным) паказваюць, што ўлады трымаюць гэты інструмент напагатове. У любы момант яны могуць пачаць поўнамаштабныя рэпрэсіі супраць актывістаў грамадскага руху. Таму расслабляцца няварта. І адзінае, што можа нас задаволіць і супакоіць, гэта змены крымінальнага заканадаўства і знікненне гэтага артыкулу з Крымінальнага кодэксу.

- Але ж улады ўвесь час даводзяць пра паляпшэнне сітуацыі ў трэцім сектары, лібералізацыю ў дачыненні да грамадскіх аб’яднанняў. Вось, “спрасцілі” працэдуру рэгістрацыі…

- Што датычыцца спрашчэння працэдуры рэгістрацыі, то гэта суцэльны блеф. І мне падаецца, што каментары  юрыста Юры Чавусава цалкам тлумачаць, што на самой справе гэтыя фармальныя змены не маюць нічога агульнага з аблягчэннем працэсу рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў. Наадварот, такім чынам замацоўваюцца тыя рэпрэсіўныя метады, якія міністэрства юстыцыі ўжывала без закону, зараз яны будуць рабіць гэта законна.
Узаемаадносіны паміж уладамі і няўрадавымі арганізацыямі і дасюль застаюцца рэзка незадавальняючымі. І, як мне падаецца, абраная беларускімі уладамі палітыка, на працягу ужо больш 10 гадоў скіраваная на абмежаванне актыўнасці грамадзянскай супольнасці свядома працягваецца. На жаль, беларускія ўлады бачаць у няўрадавых арганізацыях не партнёра ў развіцці грамадзянскай супольнасці, беларускага грамадства, а канкурэнта і патэнцыйнага ворага, з якім трэба змагацца, якога трэба знішчаць, усяляк абмяжоўваць і дыскрымінаваць. Таму па вялікаму рахунку ў нашай сітуацыі нічога не змянілася. І гаварыць пра нейкія істотныя, сур’ёзныя змены зараз, на жаль, няма ніякіх падставаў.    

- Такая сітуацыя вымагае і больш працы ад праваабаронцаў?

- Так, аб’ём задачаў, якія стаяць перад беларускімі праваабаронцамі, надзвычай вялікі. У краіне сістэматычна парушаюцца правы чалавека. Улады стварылі суровую таталітарную сітуацыю, якая вельмі моцна выбіваецца з іншых дзяржаўных кіраванняў ў Еўропе. Яна падобная на такую постсталінскую, я сказаў бы, сістэму падаўлення грамадскай ініцыятывы, правоў чалавека ў краіне. Таму мы сцвярджаем, што правы чалавека ў Беларусі парушаюцца сістэмна. І датычыцца гэта не толькі грамадзянскіх і палітычных правоў, але таксама і сацыяльных. Закранаюць гэтыя парушэнні значна большую частку грамадзянаў, а не толькі грамадска- і палітчна актыўную частку насельніцтва. І  гэта сітуацыя вельмі небяспечная. Па-першае, для грамадства, якое знаходзіцца ў такім звязаным стане. Па-другае, для дзяржавы, таму што ў любы момант сітуацыя можа абвострыцца і грамадства будзе дабівацца сваіх натуральных правоў, тых, што парушаюцца беларускай дзяржавай сістэматычна і масава.
Мы змагаемся з наступствамі такіх парушэнняў. І голасна гаворым пра прычыны гэтых парушэнняў. А прычыны ёсць менавіта ў сведамай палітыцы беларускай дзяржавы, скіраванай на абмежаванне правоў беларускіх грамадзянаў. Таму мы будзем і далей працягваць сваю працу, і поле для гэтай працы надзвычай вялікае ў Беларусі.   

 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства