viasna on patreon

Пераслед 20 кастрычніка: затрыманні і ператрусы ў Беларусі Дапоўнена

2021 2021-10-20T22:45:00+0300 2021-10-21T08:40:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novychas_sud_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 20 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, палітвязняў кідаюць у ШІЗА і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Бабруйску адбыўся ператрус у крэатыўнай прасторы 1387

Ен працягваўся каля чатырох гадзін. Пасля яго забралі кіраўнічак — Наталлю Халанскую і яшчэ адну жанчыну. Хто і па якой справе праводзіў ператрус — невядома. У адным памяшканні з крэатыўнай прасторай таксама знаходзіцца крама беларускага адзення.

У выніку, як паведамілі праваабаронцам, сілавікі забралі тэхніку, усе былі адпушчаныя.

У Крычаве перазатрымалі журналіста і былога рэдактара недзяржаўнай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага

Сяргей Няроўны.

Сёння павінен быў прадоўжыцца судовы працэс "за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" у дачыненні да журналіста з Крычава Сяргея Няроўнага, піша MAYDAY. Пратакол на яго склалі за тое, што ён паставіў лайк старонцы TUT.BY у Facebook. Яго павінны былі асудзіць яшчэ ў панядзелак, 18 кастрычніка, але суддзя суда Крычаўскага раёна Азаранка зрабіў перапынак.

20 кастрычніка суддзя пастанавіў адправіць матэрыялы справы на дапрацоўку. Калі мужчына выходзіў з суду, яго затрымалі ўжо па новаму адміністрацыйнаму справе і адправілі ў ІЧУ да суда. У чым цяпер абвінавачваюць журналіста — невядома.

Затрыманні і ператрусы на Гомельшчыне

Як паведамляюць гомельскія праваабаронцы, сёння ў Гомелі на працы затрымалі 33-гадовага жыхара Веткі Кірыла Пятрэнку. Па месцу жыхарства зладзілі вобшук. 

Кірыл Пятрэнка цяпер знаходзіцца ў РАУСе Чыгуначнага раёну. На яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за непадпарадкаванне падчас затрымання. Суд абудзецца заўтра ў 14.00 у судзе Чыгуначнага раёну.

Пенсіянерка з Рэчыцы Людміла Хлусевіч, якая была асуджана да 2-х гадоў "хіміі" за каментары ў "Аднакласніках", а зараз чакае разгляду яе апеляцыі, паведаміла  "Гомельскай вясне", што ёй патэлефанаваў мужчына і прадставіўся следчым Рэчыцкага АУСу. Ён паведаміў, штоў яе а 16.00 ён будзе праводзіць вобшук і папрасіў (прапанаваў) знайсці двух панятых.

65-гадовая Людміла Хлусевіч паведаміла ў 20:30, што ў яе скончыўся ператрус. Нічога не вымалі. Афіцыйная падстава, як паведаміў следчы, нехта ў Рэчыцы размаляваў нейкі аб’ект фарбай, і таму адпрацоўваецца база людзей (агулам 60 чалавек), якія могуць быць датычныя да правапарушэння. І надалей, калі нешта такога кшталту будзе здарацца, да яе будуць наведвацца з вобшукамі сілавікі.

У аэрапорце Браціславы па патрабаванні Інтэрпала затрымлівалі Яўгена Малахоўскага, адміна суполкі «Гэта Мінск, дзетка»

Малахоўскі збіраўся вылятаць у Кіеў. Пасля разбіральніцтва яго адпусцілі. Пра Малахоўскага ў інтэрв’ю Маркаву згадваў Раман Пратасевіч. нібыта ён быў датычны да тэлеграм-чата, у якім каардынавалі пратэсты. Зімой 2020 года блогер заяўляў, што яго спрабавалі вербаваць у міліцыі.

Допыты па "справе Вясны" працягваюцца

Уладзімір Малей, праваабаронца з Берасця
Уладзімір Малей, праваабаронца з Брэста

Заўтра, 21 кастрычніка, у Следчы камітэт у Брэсце на допыт па "справе Вясны" выклікаюць праваабаронцу і юрыста Уладзіміра Малея

Таксама на 22 кастрычніка выклікаюць на допыт жонка праваабаронцы "Вясны" з Брэста Уладзіміра Вялічкіна Маргарыту. Сам Уладзімір пасля ператрусаў з'ехаў за мяжу.

Сёння на допыце быў праваабаронца "Вясны" са Смаргоні Алесь Дзергачоў.

Праваабаронца Алесь Дзергачоў
Праваабаронца Алесь Дзергачоў

.

Мінюст пачаў дысцыплінарную вытворчасць супраць адваката Бабарыка Яўгена Пыльчанкі

Мінюст распачаў дысцыплінарную вытворчасць у дачыненні да адваката Віктара Бабарыка Яўгена Пыльчанкі, паведаміў "Медыязоне" пазбаўлены ліцэнзіі абаронца Дзмітрый Лаеўскі.

Яўген Пыльчанка адхілены ад адвакацкай дзейнасці.

"На самой справе, я яшчэ не ведаю дакладна [па якой прычыне пачата вытворчасць], паколькі мяне толькі апавясцілі аб тым, што ўзбуджаная вытворчасць і я адхілены. Але яшчэ 11 кастрычніка, у адзін дзень з Наталляй Мацкевіч, Мінюст запатрабаваў у мяне тлумачэнні па трох нібыта дапушчаных мной парушэннях. Усе яны звязаны з маім удзелам у справе Бабарыка. І ўсё абсалютна надуманыя і беспадстаўныя", — сказаў Пыльчанка "Медыязоне".

Гэта ўжо чацвёрты адвакат Бабарыка, да якога мае прэтэнзіі Мінюст. 13 кастрычніка стала вядома аб распачынанні дысцыплінарнай вытворчасці супраць абаронцы Бабарыка Наталлі Мацкевіч. Яна таксама адхіленая ад адвакацкай працы.

Затрыманне супрацоўнікаў "Новы Час"

Галоўная рэдактарка “Новага часу” Аксана Колб, журналіст Дзяніс Івашын, юрыст БАЖа Алег Агееў
Галоўная рэдактарка “Новага часу” Аксана Колб, журналіст Дзяніс Івашын, юрыст БАЖа Алег Агееў

З раніцы няма сувязі з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб, журналістам, намеснікам рэдактара Сяргеем Пульшой. Калегі журналістаў пакуль не маюць пацверджання затрыманняў, але кажуць "падазраем горшае".

Раніцай былі паведамленні пра затрыманне ў бізнэс-цэнтры "Парус" у Мінску, дзе і мецсіцца рэдакцыя "Новага Часу".

Стала вядома, што галоўную рэдактарку Аксану Колб забралі ў Следчы камітэт. Сутнасць прэтэнзій пакуль невядомая.

У Сяргея Пульшы быў ператрус дома, піша "БАЖ". Пасля гэтага сілавікі разам з Сяргеем паехалі ў рэдакцыю "Новага Часу". Каля 15 гадзін з рэдактарам" скончылі следчыя дзеянні". Ён на свабодзе.

Галоўную рэдактарку "Новага Часу" Аксану Колб таксама выпусцілі на волю.

Сутнасць прэтэнзій невядомая, бо журналісты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Учора ўвечары ў фотакарэспандэнта «Новага Часу» Дзмітрыя Дзмітрыева прайшоў ператрус. Сілавікі забралі ўсю тэхніку. Як распавёў Дзмітрый, падставай для ператрусу стала справа аб пагрозах намесніку начальніка Савецкага РУУС. Год таму, падчас чарговых «сутак» на Акрэсціна, Дзмітрыя па ёй дапытваў КДБ.

Крымінальная справа супраць вілейскага актывіста 

Андрэй Кудзік. Фота з Facebook Уладзіміра Някляева
Андрэй Кудзік. Фота з Facebook Уладзіміра Някляева

Сёння стала вядома, што супраць вілейскага актывіста Андрэя Кудзіка ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ён змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна. Да гэтага часу з 9 жніўня яго ўтрымлівалі на "сутках" ў ізалятарах Смалявіч і Вілейкі. 

Палітзняволенага Аляксандра Рэзніка змясцілі ў карцар 

Асуджанага да васьмі гадоў па "справе чата" палітвязня Аляксандра Рэзніка змясцілі ў карцар у магілёўскай турме №4. Прычыны пакарання пакуль невядомыя.


Следчы гомельскага СК хоча 20 кастрычніка дапытаць у Светлагорску мясцовага актывіста Анатоля Кнігу пра праваабаронцу "Вясны" Алену Маслюкову.


МУС прызнала Telegram-канал «Дружины Народной Самообороны — ДНС» і Telegram-чат «ДНС чат» экстрэмісцкім фарміраваннем.


Перазатрыманне пасля "сутак"

На волю пасля 15-сутачнага арышту не выйшла 20-гадовая Сафія Маргунова. Яе затрымалі пасля спробы патрапіць на разгляд апеляцыйнай скаргі па "справе студэнтаў" у Мінгарсудзе. На Сафію склалі пратакол па ч. 1 арт. 24.23 КаАП і арыштавалі на 15 сутак, якія яна адбывала ў ЦІП на Акрэсціна. Сёння яе "суткі" скончыліся, але яе перазатрымалі і склалі новы пратакол. Над дзяўчынай чакаецца новы суд.


Затрыманні ў Магілёве

У Магілёве затрыманы Дзмітрый Тоўсцік, паведамляе MAYDAY. Паведамляецца, што яго забралі з працы. Як мяркуецца, затрыманне рабіў ГУБАЗіК. Прычына затрымання невядомая. 

Таксама затрыманы Кірыл Чарняўскі. 13 кастрычніка ён выйшаў у цэнтр Магілёва з плакатам "Хопіць баяцца". Праз кароткі час яго адвялі ў машыну людзі ў цывільным адзенні. Яго арыштавалі на 10 сутак арышту па арт. 24.23 Каап за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.


Па заяве пракуратуры Віцебска Telegram-канал "Два мушкетера и красотка" прызнаны экстрэмісцкім.

Інфармацыя абнаўляецца і дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства