Мужчыну асудзілі на тры гады "хіміі" за лайкі і каментары ў адрас міліцыянтаў, суддзі і Лукашэнкі
Суд Нясвіжскага раёна 18 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе Андрэя Ломшы, якога вінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у паклёпе (арт. 188 КК), абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (ст. 369 УК).
Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Гвозд, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Сяргей Лыцін. Пацярпелымі па справе былі прызнаныя суддзя Брэсцкага абласнога суда Кацярына Груда — удзельнічала ў працэсе праз скайп, супрацоўнікі міліцыі Віктар Турчыновіч і Аляксандр Лісіца — не з'явіліся на пасяджэнне і прасілі разглядаць справу без іх удзелу.
Паводле абвінавачвання, 17 жніўня 2020 года Андрэй Ломша ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" пазначыў адзнакай "клас" публікацыю карыстальніка Аляксандра Плескацэвіча пра камандзіра ўзвода ДАІ г. Баранавічы, капітана міліцыі Аляксандра Лісіцу наступнага зместу:
"Дарагія жыхары горада Баранавічы, калі вы ведаеце гэтага чалавека ці яго сваякоў, прашу перадаць, што такія мярзотнікі не павінны спаць спакойна, ён вельмі небяспечны для грамадства, яны збіваюць жорстка дзяцей і жанчын, затрымліваюць простых людзей, якія праходзяць міма. Такія мярзотнікі, як ён, не заслугоўваюць жыць у грамадстве",
чым абвінаваціў пацярпелага ў здзяйсненні цяжкага злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК ("Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў"), што не адпавядае рэчаіснасці, дыскрэдытуе пацярпелага ў вачах грамадскасці.
25 жніўня 2020 года Андрэй Ломша ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" пад публікацыяй карыстальніка Андрэя Коласава пра намесніка начальніка па ідэалагічнай і кадравай працы Кобрынскага РАУС Віктара Турчыновіча паставіў адзнаку "клас", дзе пазначалася:
"Вось яшчэ адзін мярзотнік асабіста па-зверску збівае людзей у ізалятары Кобрына. Турчыновіч Віктар. Гэты бязмозгі кіраўнік кіраваў збіваннямі і катаваннямі на тэрыторыі ІЧУ нашага горада",
чым абвінаваціў супрацоўніка міліцыі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК, што, на думку пракурора, не адпавядае рэчаіснасці.
Таксама 29 жніўня 2020 абвінавачваны пад публікацыяй карыстальніка Ігара Грышанкова пра суддзю на той момант суда горада Баранавічы Кацярыну Груду паставіў адзнаку "клас" пад тэкстам:
"Груда Кацярына Мікалаеўна — суддзя горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна сфабрыкавала дзясяткі адміністрацыйных правапарушэнняў падчас мітынгаў у горадзе Баранавічы. Ніякіх доказаў не прадстаўляла, сведак не было, запісаў відэакамер таксама, проста судзілішча і канвеер",
чым абвінаваціў суддзю ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК.
Паводле слоў пракурора, сваімі дзеяннямі — лайкамі допісаў — Андрэй Ломша здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 188 Крымінальнага кодэкса ("Паклёп").
Абвінавачваны падзяліўся паказанымі публікацыямі пра Аляксандра Лісіцу і Віктара Турчыновіча на сваёй старонцы ў "Аднакласніках", што было кваліфікавана як абраза прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК), бо, паводле высноваў лінгвістычнай экспертызы, у тэксце публікацый утрымліваецца негатыўная ацэнка пацярпелых.
Акрамя гэтага, Андрэй Ломша 20 жніўня 2020 года падчас прагляду старонкі "Я супраць гэтага рэжыму" паставіў адзнаку "клас" пад змантаванай выявай Лукашэнкі ў абразлівым выглядзе — у нацысцкай форме — з каментаром пад ёй:
"Набліжаецца час, сыдзе наш аграфюрар, хутка разбягуцца пацукі. "Лукавы" адназначна прайграў, чаго ж больш?",
і зрабіў перапост згаданай інфармацыі, чым зняважыў гонар і годнасць прэзідэнта.
30 верасня 2020 года абвінавачваны паставіў адзнаку "клас" пад змантаванай выявай Лукашэнкі ў нацысцкай форме і суправаджальным тэкстам: "Еўропа доўгі час заігрывала з рознымі дыктатарамі на ўсходзе і дагулялася да таго, што на еўрапейскім кантыненце адрадзілася новая форма фашызму. Гэтыя новыя фашысты пакуль не небяспечныя для ЕС, але гэта толькі пакуль".
11 снежня 2020 года мужчына падчас прагляду старонкі "Стоп Лука" паставіў "клас" пад выявай Лукашэнкі, якая суправаджалася тэкстам: "Змяні гальштук, шызоід", і размясціў гэтую публікацыю на сваёй старонцы ў "Аднакласніках".
Гэтыя дзеянні абвінавачанага былі кваліфікаваныя як абраза прэзідэнта паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
У судовым пасяджэнні пацярпелая Кацярына Груда сцвярджала, што лайк абвінавачванага і сама публікацыя дыскрэдытавалі яе як суддзю і асобу, ёй было непрыемна, крыўдна і балюча, але не настойвала на строгім пакаранні, пазоўных патрабаванняў на пакрыццё маральнай шкоды не заяўляла.
Віктар Турчыновіч, апроч заявы пра тое, каб справа разглядалася без ягонага ўдзелу, папрасіў строга пакараць абвінавачанага і спагнаць з яго кампенсацыю за нанесеныя маральныя пакуты ў памеры 1000 рублёў.
Андрэй Локша казаў, што не разумее, як за пазнаку "клас" можна судзіць, ніякіх каментароў пад паказанымі публікацыямі ён не пакідаў. Сцвярджаў, што нікога не асуджаў, мог паставіць адзнаку "клас" машынальна, не памятаў, ці рабіў рэпосты публікацый сабе на старонку. Адзначаў, што не хацеў нікога абразіць сваімі дзеяннямі, але "калі ёсць артыкул, чаго ж не прызнавацца".
Абвінавачваны пазоўныя патрабаванні супрацоўніка міліцыі Турчыновіча прызнаў цалкам, суддзі Грудзе прынёс выбачэнні падчас пасяджэння.
Падчас спрэчак бакоў пракурор запатрабаваў для Андрэя Ломшы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады, а таксама задаволіць заяўлены пазоў у поўным аб'ёме.
Менавіта такі прысуд 18 кастрычніка і вынес суддзя Дзмітрый Гвозд: 3 гады "хіміі" і 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды на карысць пацярпелага Турчыновіча.