viasna on patreon

"Дапамог паднесці лаўку, якой перакрывалі вуліцу": судзяць жыхара Мінска Паўла Яіцкага

2021 2021-09-15T20:34:15+0300 2021-09-16T11:23:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pratesty-1408.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыкады каля метро "Пушкінская". Фота: Еўрарадыё.

Барыкады каля метро "Пушкінская". Фота: Еўрарадыё.

Суд Маскоўскага раёна Мінска 15 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 24-гадовага  жыхара сталіцы Паўла Яіцкага.

Яго вінавацяць у арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак па арт. 342 КК РБ.

Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава.

Павел Яіцкі быў затрыманы 17 чэрвеня 2021 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства: за ўдзел у масавых беспарадках 9, 10 і 11 жніўня 2020 года.

Беларускай праваабарончай супольнасцю прызнаны палітычным зняволеным.

Абвінавачанага апазналі і затрымалі па фатаграфіях у сацыяльных сетках: першы эпізод у справе - фота счэпкі недалёка ад Стэлы побач са скрыжаваннем пр. Пераможцаў і Машэрава.

Яіцкі ў судзе патлумачыў, што ўвечары 9 жніўня, пасля выбараў, прачытаўшы нейкі ТГ-канал, паехаў у цэнтр горада, там убачыў шмат людзей, вырашыў паназіраць за тым, што адбываецца.

“Нехта падыйшоў і  папрасіў стаць разам у счэпку для фота ў СМІ. Пастаялі мы хвілін 10, сфоткаліся  і разыйшліся. На праезную частку вуліцы не выходзіў, нічога не перакрываў, патрабаванняў разыйсціся не чуў, толькі бачыў, што ўнізе на дарозе АМАП. Вырашыў вярнуцца дадому, было позна, транспарт не хадзіў. Ішоў дварамі, імкнучыся, каб не затрымалі,” – у ходзе допыту распавёў Яіцкі.

Павел Яіцкі. Фота з сацыяльных сетак.
Павел Яіцкі. Фота з сацыяльных сетак.

Наступны эпізод тычыцца вечара з 10 на 11 жніўня мінулага года.

На відэазапісу аператыўнай здымкі Яіцкі апазнаў сябе пасля затрымання ў міліцыі. Бачна, што непадалёк ад станцыі метро “Пушкінская” ён дапамог вынесці лаўку на праезную частку. Растлумачыў, што ўвечары паехаў па справах, але паколькі метро не працавала і транспарт не хадзіў, то ішоў па вуліцы ў бок Пушкінскай.

У людской плыні крыкнуў “Жыве Беларусь!”.

На шляху некалькі людзей цягнулі лаўку і папрасілі дапамагчы. Адазваўся на просьбу, не падумаў.

Сваю віну Яіцкі прызнаў у поўным аб'ёме, аднак калі пракурор у судзе пачаў пералічваць, што абвінавачаны перакрываў праезную частку, не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў, аказваў супрацьдзеянне, знаходзіўся на дарозе, чым перашкаджаў руху грамадскага транспарту, то заявіў, што прызнае толькі сваё стаянне на горцы ў счэпцы для фота і тое, што дапамог вынесці лаўку, а транспарт ужо ў той час не хадзіў.

Пад час судовага следства адвакат хадайнічаў аб спыненні крымінальнай справы і аб змене абвінавачвання на падставе таго, што была яўка з павіннай, Павел цалкам прызнаў віну, удзельнічаў у “пакаяльным” відэазапісу, паказаным на тэлеканале БТ.

Апроч гэтага, заявіў адвакат, у Паўла сур’ёзная хранічная хвароба.

Суддзя хадайніцтва не падтрымала.

У якасці сведкі ў суд выклікалі маці Яіцкага, аднак жанчына скарысталася сваім правам не сведчыць супраць родных і паказанні даваць адмовілася.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 14-30, 21 верасня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства