viasna on patreon

Жыхар Бабруйска атрымаў два гады “хіміі” за абразу Лукашэнкі. Размову ў відэачаце запісаў і выклаў былы міліцыянт

2021 2021-08-27T16:33:38+0300 2021-10-01T15:50:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stacevich_screen.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрын размовы, выкладзены на канале "Дзед Барадзед"

Скрын размовы, выкладзены на канале "Дзед Барадзед"

25 жніўня суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызнаў 31-гадовага Рамана Стацэвіча вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт.368 КК. Суддзя Антон Дудаль прысудзіў яго да двух гадоў “хіміі”, хаця пракурорка Хадневіч прасіла пазбавіць яго волі на год.

Рамана Стацэвіча прызналі вінаватым у публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі са здзясненнем ім сваіх паўнамоцтваў. Згодна з абвінавачаннем, 1-3 траўня ён, усведамляючы публічны і зневажальны характар сваіх дзеянняў, праз публічны відэачат па відэасувязі з незнаёмым яму раней Канюшыкам наўмысна абразіў Лукашэнку з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі.

Канюшык пры гэтым праводзіў маніторынг інтэрнэту, каб выявіць асобаў пратэснага і экстрэмісцкага накірунку і не падзяляў погляды і выказванні Стацэвіча ў бок Лукашэнкі. Згодна з тэкстам абвінавачання, Стацэвіч усведамляў, што размова можа быць запісаная Канюшыкам і перададзеная ўпаўнаважаным асобам, а таксама распаўсюджаная ў шырокім доступе.

Канюшык запісаў і выклаў размову 3 траўня пад назвай "Омерзительный тип" на сваім канале “Дзед барадзед” у Юцюб.

Што казаў абвінавачаны?

Раман Стацэвіч часткова прызнаў віну. Аднак абвінавачаны ўпэўнены, што размова вялася раней – у студзені-лютым 2021 года.  Ён распавёў, што ў відэарулетку не можа трапіць старонні чалавек, пацвердзіў, што на запісы – ён. На пытанне, ці разумее, што сваім выказваннем падрывае аўтарытэт “главы государства”, Стацэвіч адказаў, што чалавек ці аўтарытэтны, ці не. Таксама ён адзначыў, што хаця на запісы ён, ён не ўсведамляў, што рабіў гэта публічна: таму прызнанне віны частковае.

Праз хадайніцтва дзяржабвінавачання відэа было прагледжанае ў закрытым рэжыме. 

Што казаў сведка?

Сведкай на судзе мусіў выступаць Канюшык, з якім Стацэвіч гутарыў у відэарулетцы. Праз інваліднасць другой групы ён не з’явіўся на паседжанне, таму былі зачытаныя ягоны паказанні падчас следства.

Канюшык распавёў, што з 1987 года працаваў у міліцыі на розных пасадах: міліцыянтам патрульнай службы, памочнікам следчага, інспектарам. Праз хваробу ў 1997 годзе пакінуў службу, аднак падтрымлівае дзяржорганы, уладу, ідэю парадку ў краіне, таму дапамагае ёй, наколькі магчыма, выконвае грамадзянскі абавязак. Напрыклад, “дапамагае АУС выкрываць асоб, якія пашыраюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў ўлады і ідэю ўтварэння хаосу і хваляванняў у нашай Рэспубліцы Беларусь”.

Таму ён стварыў свой канал “Дзед Барадзед”, дзе спрабаваў данесці да жыхароў розных краін тое, што ў Беларусі жывуць мірныя і спакойныя людзі, якія не хочуць вайны. Ён спрабаваў данесці да незнаёмых грамадзян тое, што ў Беларусі парадак і дэмакратыя, а таксама што ў краіне выконваюцца ўсе прынцыпы канстытуцыі. Ён хацеў, каб у краіне спыніліся масавыя беспарадкі і несанкцыянаваныя мітынгі. “Я бачыў апазіцыйна настроеных асобаў, якія казалі ўсялякія гадасці пра нашую рэспубліку, хаця пры гэтым прадстаўляюць ніжэйшыя слаі насельніцтва”, – тлумачыў ён сваю матывацыю.

Таму ён усталяваў на камп’ютар праграму для запісу відэа і гука, а таксама праграму для мантажа. І калі бачыў, што ў чаце з’явіўся чалавек, які пачынаў выказваць апазіцыйныя думкі, запісваў ролік і публікаваў на сваім канале. Па ягоных словах, ён размяшчаў гэта, каб паказаць грамадзянам Беларусі “сапраўдны твар апазіцыянераў і тое, што яны хамы і неадукаваныя людзі”.

Такім чынам ім было знята і апублікавана 3 траўня 2021 відэа “Омерзительный тип”, падчас якога суразмоўца, па словах Канюшыка, “выказваў апазіцыйныя думкі і абражаў ненарматыўнай лексікай Лукашэнку”. Над сваёй выявай сведка размясціў чырвона-зялёны сцяг, а над выявай Стацэвіча – выяву свінні на чырвоны-белым фоне, якую асядлаў чалавек.

Канюшык патлумачыў, што размясціў відэа на канале, каб людзі “апамяталіся”, перасталі падтрымліваць апазіцыю, таму што ў такім выпадку ўзнікае барацьба паміж грамадзянамі.

Ён таксама адзначыў, што прабачае, калі Стацэвіч яго абразіў, але ягоныя абразы ў бок Лукашэнкі непрабачальныя: ён упэўнены, што калі абвінавачаны абразіў Лукашэнку, ён абразіў увесь беларускі народ.

Што казалі ў спрэчках?

Абвінаваўца запрасіла для Стацэвіча адзін год пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Адвакат адзначыў, што незразумела, у чым небяспека Стацэвіча для грамадства: раней ён быў судзімы, але ўвесь тэрмін поўнасцю адбыў. Таксама ён не быў згодзен, што дзеянні былі публічныя, а таксама быў упэўнены, што Канюшык не меў права казаць пра абразу ўсяго народа.

У апошнім слове Раман Стацэвіч пагадзіўся, што зневажаць любога чалавека няправільна. Аднак ён размаўляў з чалавекам сам-насам.

“Атрымліваецца, мы адкаціліся на 70 гадоў назад, калі можна ціха зняць чалавека, які мне не дагодны, вывесці яго на правакацыйныя размовы, запісаць гэта і выкласці на старонцы або пайсці ў міліцыі. Не было такога, што Канюшык папярэдзіў мяне, што ён блогер і здымае мяне. Публічнымі запісы зрабіў менавіта Канюшык.

Хачу сказаць, што я адбыў пакаранне і вызваліўся ўмоўна-датэрмінова, таму што паводзіў сябе станоўча. Я трапіў на вольнае паселішча, за добрыя паводзіны вызваліўся на “хатнюю хімію”. Я ажаніўся, пастаянна працую, пачаў сацыялізавацца ў грамадстве, не “скаціўся”. Таму прашу больш мяккі прысуд: я гатовы далей жыць, працаваць, далей ствараць сям’ю. Хачу таксама падзякаваць сваякам: яны ўсё разумеюць і падтрымліваюць мяне”.

Суддзя Антон Дудаль вынес прысуд: абмежаванне волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у ПУАТ – “хіміі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства