Год калоніі строгага рэжыму – за словы "Лукашенко – петух"
3 жніўня суд Савецкага раёна горада Мінска разгледзеў справу 42-гадовага Аляксея Шчарбацюка. Суддзя Фёдарава прызнала яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 368 КК і асудзіла да года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Чабатароў. Шчарбацюк узяты пад варту ў залі суда.
Яго абвінавацілі ў тым, што 15 траўня 2021 года, знаходзячыся на балконе кватэры, будучы ў нецвярозым стане, крычаў "Жыве Беларусь!" і "Лукашенко – петух!" Абвінавачванне сцвярджае, што ён крычаў наўмысна гучна, каб яго крыкі чулі іншыя. Тым самым ён абразіў Лукашэнку.
Абвінавачаны прызнаў віну. Памятае, што крычаў "Жыве Беларусь!", а таксама не адмаўляе, што мог выкрыкваць абразу, але не памятае, што менавіта крычаў у той раз. Ён патлумачыў, што крычаў пра Лукашэнку, маючы на ўвазе, што ён – агрэсіўна настроены чалавек, паколькі бачыў, як той бегаў з аўтаматам са сваім сынам і крычаў: "Што, пацукі, разышліся ўжо?" Шчарбацюк таксама адзначыў, што яму ўсё адно, хто знаходзіцца ва ўладзе – «Лукашэнка, Ціханоўскі ці Леанід Ільіч Брэжнеў!» Да Лукашэнкі ён не мае негатыўнага стаўлення. Шчарбацюк адзначыў: "Калі б я меў на ўвазе пасіўны гомасэксуалізм, я б крыкнуў іншае слова на літару "п", а не "певень".
Суддзя Фёдарава зачытала яго пісьмовыя паказанні падчас следства, так як выявіліся істотныя супярэчнасці. У пісьмовых паказаннях абвінавачаны сцвярджаў, што ў яго "з'явіўся намер абразіць прэзідэнта, усведамляў, што абражаю, усведамляў, што гэта чуюць людзі, ведаў, што пазначае гэтае слова ў крымінальных колах". Гэта значыць, Аляксей двойчы абразіў Лукашэнку: з балкона і каля пад'езда. На судзе ён патлумачыў, што даваў такія паказанні, каб яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Сведка Сяргей Сапега ў той дзень піў з абвінавачаным піва: на судзе ён сказаў, што не памятае, што менавіта крычаў Шчарбацюк, але ў пісьмовых паказаннях усё пацвердзіў. Сведкі Вольга Майская і Мікіта Яўсеенка (студэнт трэцяга курсу Акадэміі МУС) распавялі, што ў той дзень праходзілі міма дома і пачулі, як незнаёмы чалавек абражае Лукашэнку. Яны патэлефанавалі ў 102, каля іншага дома пачакалі, пакуль прыедзе міліцыя, бачылі, як Шчарбацюк з сябрам крычалі каля пад'езда лозунгі і паказвалі праходзячай групе моладзі два пальцы.
Падчас ператрусу ў кватэры Аляксея Шчарбацюка нічога не было выяўлена. У заключэнні медыцынскага эксперта – даведка аб тым, што абвінавачваны хворы на псіхічныя захворванні, хранічны алкагалізм, неаднаразова судзімы.
У апошнім слове Аляксей Щербатюк прасіў аб літасці.
Пракурор папрасіў пакараць абвінавачанага годам пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Менавіта такое пакаранне вынес суддзя.