viasna on patreon

Ад 3 да 3,5 гадоў калоніі атрымалі трое магілёўцаў за "павешаных" лялек з асобамі чыноўнікаў

2021 2021-04-19T15:20:01+0300 2021-09-05T10:38:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/klimkova_skok_pad_vartay.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
На першым судовым пасяджэнні па "лялькавай" справе

На першым судовым пасяджэнні па "лялькавай" справе

У судзе Круглянскага раёна (Магілёўская вобласць) 19 красавіка абвясцілі прысуд магілёўцам Сяргею Скоку, Вользе Клімковай і Максіму Сергяенку, абвінавачаным у злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса) і абразе прэзідэнта (арт. 368 КК). Суддзя Дзмітрый Сасноўскі прысудзіў Клімковай і Скоку па 3,5 гады, Сергяенку - 3 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе "Магілёўская Вясна".

Скока, Клімкову і Сергяенку абвінавацілі ў тым, што яны вырабілі шэсць роставых лялек "з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб", размясцілі іх на пуцеправодах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сеціве. Па гэтай справе ў канцы лістапада ў Магілёве было затрымана каля 8 чалавек, усе затрыманыя знаходзіліся ў тэлеграм-чаце "Адраджэнне".

Скок і Клімкова знаходзіліся пад вартай з лістапада, Сергяенка быў пад падпіскай аб нявыездзе - яго ўзялі пад варту пасля абвяшчэння прысуду.

Крымінальную справу вырашылі разглядаць не ў Магілёве, а ў Круглам. На першым пасяджэнні, 31 сакавіка, працэс зрабілі закрытым, паколькі па той жа справе «лялек» ёсць яшчэ адзін эпізод, па якім да гэтага часу ідзе следства.

Вядома, што дзяржаўны абвінаваўца Арцём Налівайка патрабаваў кожнаму даць па 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства