Людзей працягваюць адпраўляць на "хімію" за абразу Лукашэнкі і Карпянкова Дапоўнена
У адносінах да жыхара Бялыніцкага раёна Л. была ўзбуджаная крымінальная справа за тое, што ён публічна абразіў дзеючага кіраўніка краіны, пакінуўшы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” зневажальны і дыскрэдытуючы пост, піша 6tv.by.
Як паведаміла пракуратура Бялыніцкага раёна, на судзе мужчына растлумачыў, што да размяшчэння запісу “Укантакце”, ён прачытаў артыкул пра Лукашэнку і каментарыі іншых карыстальнікаў у групах у “Тэлеграме”. Мужчына паддаўся эмоцыям і пакінуў сваё абразлівае меркаванне ў адрас кіраўніка дзяржавы, размясціўшы калаж, створаны пры дапамозе фоташопа, на сцяне старонкі “Укантакце”.
На судзе грамадзянін Л. прызнаў, што сваімі дзеяннямі публічна абразіў кіраўніка краіны, паведамілі прадстаўнікі пракуратуры Бялыніцакага раёна на старонках газеты “Зара над Друццю”.
За публічную абразу дзеючага кіраўніка краіны суд прыгаварыў мужчыну да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэлефон, з якога грамадзянін размяшчаў свой пост, канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Таксама Генпракуратура ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што 42-гадоваму жыхару Віцебску інкрымінавалі публічную абразу прадстаўніка ўлады. Следства сцвярджае, што 16 студзеня 2021 года мужчына са сваёй старонцы «УКантакце» пакінуў «абразлівы каментар» да публікацыі, прысвечанай намесніку міністра ўнутраных справаў, экс-кіраўніку ГУБАЗіКу Мікалаю Карпянкову.
За гэта Першамайскі раённы суд Віцебску пакараў мужчыну абмежаваннем волі на 1,5 года з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У Стаўбцоўскім раёне 30-гадовая жанчына атрымала 2 гады «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) за допіс пра Аляксандра Лукашэнку «УКантакце», піша "Белсат". Як сцвярджае Генпракуратура, абвінавачаная 15 лістапада 2020 года размясціла каментар на старонцы былой калегі, у якім абразіла Лукашэнку. Следства прыйшло да высновы, што такі допіс «супярэчыў агульначалавечай маралі».