viasna on patreon

Тры гады калоніі атрымаў Іван Цагалка, які ўдарыў міліцэйскае аўто на акцыі пратэсту ў Драздах Відэа

2021 2021-04-15T15:17:32+0300 2021-04-19T20:15:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cegalka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска была разгледжаная крымінальная справа, узбуджаная супраць майстра будаўніча-мантажных работ Івана Цагалкі. Яму было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да міліцыі) і па 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Крымінальная справа тычылася падзей 13 верасня, калі ў Мінску праходзіла акцыя пратэсту "Марш герояў" і частка пратэстоўцаў дайшла да Драздоў, дзе адбыліся затрыманні. Пасля акцыі была ўзбуджаная крымінальная справа, адным з фігурантаў якога і стаў Цагалка.

Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла. Бок абвінавачвання прадстаўляў памочнік пракурора Раманенка Д. І. грамадзянскі пазоўнік – Зінавенка. Абаронца – Грыцук. Пацярпелымі па справе былі прызнаныя 7 супрацоўнікаў АМАПа. "Вясна" з дапамогай валанцёраў вяла маніторынг судовых пасяджэнняў.

cegalka.jpg
Іван Цагалка. Фота з сац. сетак

Абвінавачванне

На першым пасяджэнні па справе пракурор агучыў абвінавачванне, прад'яўленае Івану Цагалку. Згодна з ім 13 верасня з 15.00 да 17.00 Цагалка ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на ўчастку ад Нямігі да ст. м. Пушкінскай, блакаваў дарогі, перашкаджаў працы аптэк, салонаў і прадпрыемстваў, якія былі на шляху руху, парушаў спакой грамадзян. Потым, з 17.40-18.30, у раёне вуліцу Ціхай, адчуваючы азлобленасць у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, ударыў адзін раз нагой па службовым аўтамабілі і тым самым пашкодзіў капот. Затым ён нанёс па два ўдары супрацоўнікам АМАП Папову і Назараву, якія не пацягнулі расстройства іх здароўя.

Іван прызнаў віну толькі ў тым, што неспадзявана ўдарыў па аўтамабілі. Па ўсіх астатніх эпізодах не прызнаў.

Версія абвінавачанага

На другім пасяджэнні Іван даў паказанні. Па яго словах, у той дзень ён сустрэўся з сябрам у бары, затым яны пайшлі гуляць і шмат размаўлялі. Абмяркоўвалі працу і дзяўчат, яны апынуліся ў натоўпе людзей і, занятыя размовай, дайшлі да стэлы, а затым і да Пушкінскай. Яны пачулі заклікі ісці да дома Лідзіі і Шэймана, ім стала цікава, і яны пайшлі. На судзе Цагалка сказаў, што ў той момант не разумеў, пра каго гаворка, толькі пазней зразумеў. Ужо на вуліцы Ціхай да натоўпу людзей, дзе ён з сябрам знаходзіўся, пад'ехаў мікрааўтобус з сілавікамі. Цагалка пачуў з натоўпу крыкі "Бандыты!", а затым пачуўся шум гранат і грукат ад стрэлаў. Па яго словах, у той момант ён вельмі моцна спалохаўся. Знаходзячыся ў натоўпе, ён страціў раўнавагу і ненаўмысна адштурхнуўся нагой ад буса, каб не ўпасці. Менавіта з-за гэтага ўтварылася ўвагнутасць на бусе. Пры гэтым кошт рамонту (больш за 400 рублёў) быў пакрыты Іванам яшчэ да суда.

Іван адмаўляў, што ён нанёс удары амапаўцам, а таксама тое, што ў яго ў руках былі якія-небудзь прадметы. Затрыманне адбылося ў лічаныя секунды: рукі заламалі, паклалі на зямлю, завялі ў бус, а затым у аўтазак. Іван распавёў, што пры затрыманні яго білі: пашкодзілі нос, наносілі ўдары па галаве, а таксама запісалі на відэа, якое затым паказалі па госТВ.

Цагалко распавёў, што падчас запісу відэа ў ГУУС супрацоўнікі міліцыі фактычна прымушалі яго казаць тое, што ім трэба, пагражалі збіць, калі будзе нешта не так. Калі ён казаў няправільна, то відэа пераздымалі.

Што на судзе казалі сем амапаўцаў, прызнаных пацярпелымі?

  • Камандзір узвода АМАП Анатоль Грабоўскі выехалі ў завулак Ціхі, калі паступіла каманда. Затрымліваў іншага чалавека, а Івана бачыў ужо затрыманым. Больш нічога не бачыў, у тым ліку – хто наносіў удар па машыне.
  • Камандзір мабільнай групы Сяргей Дзямідаў распавёў, як адбываліся затрыманні. Ён бачыў, што Іван ударыў па капоце машыны, а удараў у дачыненні да амапаўцаў Папова і Назарава – не бачыў, бо тыя былі не ў яго мабільнай групе. Дзямідаў адзначыў на судзе, што, на яго думку, натоўп паводзіў сябе азлоблена, і ён успрымаў гэта як пагрозу жыццю і здароўю. Прэтэнзій да пацярпелага ён не мае.
  • Таксама былі дапытаныя амапаўцы Кісялёў, Крукаў, якія былі ў адной групе з Дзямідавым і Грабоўскім. Усе яны казалі, што не бралі ўдзелу ў затрыманні Цагалкі, не бачылі, каб ён каго-небудзь біў, і прэтэнзій да яго не маюць. Кіроўца міліцэйскага буса па прозвішчы Бурак сказаў, што бачыў, як Цагалка нанёс удар па капоце аўто.
  • Супрацоўнікі АМАПу Назараў і Папоў, якіх, паводле матэрыялаў справы, ударыў Цагалка, былі ў іншай мабільнай групе. На судзе яны заявілі пра тое, што сярод людзей, якія ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным мерапрыемстве, была радыкальна настроеная група грамадзян, у якіх былі палкі, і якія кідалі ў іх камяні і бутэлькі з вадой. Амапаўцы сцвярджалі, што сярод іх быў Цагалка. Назараў на судзе сказаў, што абвінавачаны ўдарыў яго два разы, цэліўся ў галаву, але трапіў па руках. Пры гэтым на першым допыце падчас следства ён казаў, што Цагалка ўдарыў яго палкай, на другім допыце – не палкай, а рукамі. У затрыманні Назарава ён удзелу не прымаў. Амапавец Папоў паведаміў, што атрымаў ад Цагалко ўдар кулаком у вобласць твару. Калі Іван стаў уцякаць, Папоў дагнаў яго і затрымаў. Назараў і Папоў прад'явілі пазовы ў 1000 рублёў аб кампенсацыі маральнай шкоды. Цагалко пазовы не прызнаў.

Таксама на працэсе ў якасці сведак выступілі прадстаўнікі некалькіх устаноў, каля якіх 13 верасня праходзіла шэсце: цырульняў, крам, салонаў, аптэк, якія ў той дзень зачыняліся, хоць павінны былі быць адчыненыя. Ніхто са сведкаў прэтэнзій не прад'явіў за выключэннем ТАА "Грын фітнес "(трэнажорная зала "F1 fitness") на праспекце Пераможцаў. Паводле пісьмовых паказанняў іх прадстаўнікоў, з-за ўсіх нядзельных акцый пратэсту яны панеслі шкоду ў 48000 рублёў, так як кліенты не маглі да іх даехаць.

Прадстаўнік "Мінсктранса" на судзе агучыў суму нанесенай шкоды ў памеры больш за 30 тысяч рублёў.

tsagalka_sud.jpg
На пасяджэнні 13 красавіка

Спрэчкі

Дзяржабвінаваўца палічыў віну Цагалкі даказанай і запрасіў яго пакараць трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму. Адвакат упэўнены, што абставіны былі кваліфікаваныя няправільна. Іван не блакаваў дарогі, толькі ну вуліцы Ціхай выйшаў на праязную частку, а там грамадскі транспарт не ходзіць. Таксама ён не мог перашкаджаць працы устаноў, проста рухаючыся па тратуары. Адвакат падкрэсліў, што Цагалко раней не быў судзімы і да адміністрацыйнай адказнасці па парушэнні грамадскага парадку да таго дня не прыцягваўся (пасля затрымання яго асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП), суму на рамонт аўто кампенсаваў у поўным аб'ёме. Акрамя таго, адвакат звярнуў увагу, што абвінавачванне трымаецца толькі на паказаннях Назарава і Папова, якія ў іх блыталіся (у колькасці удараў і чым яны былі нанесеныя), і прасіў вызваліць Цагалку з-пад варты.

15 красавіка суддзя Сяргей Шаціла абвясціў прысуд па справе. Івана Цагалку прызналі вінаватым і прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Таксама ён абавязаны выплаціць па 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўнікам АМАП Папову і Назараву. Пазоў "Мінсктранса" будзе разглядацца асобна ў парадку грамадзянскага судаводства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства