viasna on patreon

Пачаўся суд над айцішнікам Алексеем Каратковым. Сваёй віны ён не прызнае ні ў чым Дапоўнена

2021 2021-04-07T17:38:00+0300 2021-04-08T07:37:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karatkou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Караткоў. Фота: TUT.BY

Аляксей Караткоў. Фота: TUT.BY

У судзе Першамайскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з распрацоўшчыкаў стартапа MakeML і палітзняволенага Аляксея Караткова.

Яго вінавацяць у навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаванні гэтай дзейнасці (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса РБ), а таксама па артыкуле 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Справу разглядае суддзя Максім Трусевіч, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Зубко.

Аляксей Караткоў быў затрыманы 27 жніўня на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёлу.

Спачатку Аляксея Караткова асудзілі на 8 сутак па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 4 верасня пры вызваленні з Жодзіна мужчыну адразу затрымалі як падазраванага па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Пазней Аляксею Караткову былі прад’яўленыя абвінавачванні. Да суда ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Мінска.

“Я заўсёды лічыў, што ў Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін мае права выказваць сваё меркаванне”

Суд мусіў распачацца яшчэ ў 10-30, аднак Караткова прывезлі на пасяджэнне толькі ў другой палове дня.  Сёння ў судовым працэсе дзяржабвінаваўца зачытаў сутнасць абвінавачвання:

  • Публічныя заклікі да масавых пратэстаў у Кіеўскім скверы 6 жніўня (артыкул 293 КК);
  • Заклікі і дзеянні, якія груба парушаюць парадак, вечарам 9 жніўня ў раёне вуліцы Мельнікайтэ – артыкулы 293 і 342 Крымінальнага кодэксу;
  • Заклікі і дзеянні, якія груба парушаюць парадак, цягам 10-11 жніўня – артыкулы 293 і 342 Крымінальнага кодэксу;

Так, 9 жніўня каля  вуліцы Мельнікайтэ,14, а таксама на скрыжаванні Амуратарскай і Машэрава, Караткоў з узгодненай групай асоб парушалі правілі дарожнага руху, ішлі па праезнай частцы, скандавалі лозунгі, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту.  

Караткоў загадзя набыў атрыбутыку, экіпіроўку, маску, заплечнік (які мог быць выкарыстаны для нашэння зброі), аказваў непадпарадкаванне, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці.

Падобныя дзеянні былі здзейснены абвінавачваемым 11 жніўня ў раёне Прытыцкага – Пушкіна.

Сваёй віны Караткоў не прызнае ні па адным з эпізодаў.

У судзе вызначаецца парадак правядзення судовага следства: спачатку допыт абвінавачанага, потым вывучэнне пісьмовых матэрыялаў следства.

Караткоў кажа, што ўдзельнічаў у мірнай дэманстрацыі, пры сабе ў перыяд дэманстрацыі ніякіх спецыяльных сродкаў не было, узброенага супраціву не аказваў, гвалту не здзяйсняў.

Вельмі шмат пытанняў у судзе пра мабільных тэлефон Караткова, у тым ліку, ці не перадаваў ён яго каму-небудзь, пыталіся ці ведае Марыю Гарбачову. Далей дэманструюць фота, дзе на ягоны жывот накручаны часопісы, нібыта гэта абарончы жылет.

На ўсе пытанні пад час следства практычна адмовіўся адказваць.

Дэманструюць відэа з агульнымі планамі мітынгу і пратэстаў.

Зачытваюць паведамленне з тэлефона (недаслоўна): "Мы сабралі чацік для пратэсту 22 чалавек, ужо цяпер думаю над лагістыкай, Марына і я буду дзейнічаць вельмі акуратна, я ж яшчэ людзей арганізоўваю”.

На аўтамабіль Караткова,  рахункі ў “Альфа Банку”, БелВЭБ, “Белінвестбанку” накладзеныя арышты.

Прагучала, што адвакату парушылі тэрміны азнаямлення са справай, яна  ўжо было перададзена пракурору для перадачы ў суд, таму ён просіць час азнаёміцца з матэрыяламі, з якімі яшчэ  не знаёмы. Гэта адбывалася ў СІЗА Жодзіна, дзе ў лютым утрымліваўся Караткоў.

Выступ у судзе Аляксея Караткова

Высокі суд, я нарадзіўся і вырас у Рэспубліцы Беларусь. У сям'і мяне вучылі паважліва ставіцца да іншых людзей і іх думак.

Бацькі мне заўсёды казалі думаць сваёй галавой. У школе і ліцэі БДУ мяне вучылі не баяцца мець і выказваць сваё меркаванне. Я заўсёды лічыў, што ў Рэспубліцы Беларусь, якая з'яўляецца па Канстытуцыі прававой дзяржавай, кожны грамадзянін мае права выказваць сваё меркаванне. Я заўсёды быў і застаюся законапаслухмяным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, я ніколі не парушаў і не збіраўся парушаць закон Рэспублікі Беларусь, тым больш удзельнічаць у масавых беспарадках, прычыняць каму-небудзь шкоду, нападаць на супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прычыняць якія-небудзь нязручнасці іншым грамадзянам.

Дзеянняў (пра якія ідзе гаворка ў судзе) ніколі не здзяйсняў, мяне так вучылі бацькі, так навучыла мяне школа, так выхавала мяне дзяржава. Але таксама яны вучылі мяне і таму, што калі я буду бачыць несправядлівасць, беззаконне, ушчамленне маіх і нечых законных правоў, то я не павінен маўчаць, а павінен выказваць з гэтай нагоды саве меркаванне, сваё непрыманне і проста мець грамадзянскую пазіцыю па гэтым пытанні. Так мяне навучылі і я веру, што гэта правільна, і я не разумею, чаму мяне прыцягваюць да крымінальнай адказнасці за маю грамадзянскую пазіцыю.

У мяне ў сям'і ёсць бясспрэчны маральны аўтарытэт. Гэта прадзед Лук'ян. У Вялікую айчынную вайну немцы прыйшлі да яго ў хату і прапанавалі стаць паліцаем. Ён узяў прапанаваную яму вінтоўку, выйшаў на двор, разбіў прыклад аб плот, сеў на ганку і запаліў, чакаючы, што яго расстраляюць. Але немцы чамусьці не зрабілі гэтага адразу, а паехалі ў горад, каб вярнуцца з падмацаваннем. У гэты час прадзед паспеў уцячы да партызанаў. Спачатку ён быў у партызанах, а потым разам з Чырвонай арміяй дайшоў да Берліна. Часта выконваў даручэнні па дастаўцы важных звестак іншым падраздзяленням. Пасля заканчэння вайны да канца жыцця дапамагаў сям'і загінулага баявога таварыша. Прабабуля нават часам бурчала на яго за тое, што ён, напрыклад, накосіць воз сена і, хоць самім не хапае, але палову аддае іншай сям'і.

Зараз я часам пытаюся ў сябе: "А як бы паступіў прадзед Лук'ян у гэтай сітуацыі?". Ён пад страхам смерці і з дзецьмі на руках не захацеў супрацоўнічаць з людзьмі, якія здзекаваліся, катавалі і забівалі беларусаў.

І я зразумеў, што ні за што не стаў бы даваць паказанні ў судзе, які пераследуе журналістаў за тое, што яны кажуць праўду, і заплюшчваюць вочы на шматлікія факты збіванняў, згвалтаванняў, катаванняў і забойстваў. Нягледзячы на тое, што ў суда няма і не можа быць фактаў супрацьпраўных  дзеянняў з майго боку 9 і 10 жніўня, я ўпэўнены, што суд вынесе мне абвінаваўчы прысуд.

Але гэтак жа, як і прадзед Лук'ян дачакаўся перамогі над фашызмам, я ўпэўнены, што дачакаюся перамогі над беззаконнем і несправядлівасцю.

Высокі суд, у далейшым я хачу скарыстацца сваім правам не даваць паказанні.

Прашу далучыць дадзеныя паказанні да матэрыялаў крымінальнай справы.

Працяг судовага пасяджэння прызначаны на 10-30 8 красавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства