Да 5,5 гадоў калоніі. У Гродне пракурор запрасіў пакаранне чатыром чалавекам за гвалт над амапаўцамі
У судзе Ленінскага раёна Гродна 18 сакавіка пачаліся спрэчкі бакоў па справе чатырох чалавек, якіх абвінавачваюць у гвалце над супрацоўнікамі АМАП на акцыі пратэсту 27 верасня (па арт. 364 Крымінальнага кодэкса). На лаве падсудных - Міхаіл Юдзін, Вадзім Хіжнякоў, Сяргей Яфімовіч (жыхары Гародні) і Андрэй Севяртока (з Мастоў). Севяртоку таксама абвінаваюць па ч. 1 арт. 413 КК (Уцёкі з-пад варты).
Згодна з выстаўленымі абвінавачваннямі, на прыпынку грамадскага транспарту «Усход» 27 верасня Севертока наўмысна нанёс супрацоўніцы АМАП Заяц адзін удар кулаком у галаву, адзін — нагой па правай назе. У гэты час Яфімавіч наўмысна кінуў у Заяц неўсталяваны прадмет, які трапіў у вобласць грудзей. Пасля чаго Юдзін наўмысна нанёс амапаўцу Башко адзін удар нагой па целе, адзін рукой па руцэ, і два — рукой у вобласць галавы. Адначасова з гэтым Хіжнякоў наўмысна кінуў у Башко неўсталяваны прадмет, выкарыстоўваючы яго ў якасці прылады злачынства.
Віну трое абвінавачаных не прызналі, Севертока прызнаў часткова. Абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай. Пацярпелыя амапаўцы заявілі грамадзянскія пазовы аб кампенсацыі кожнаму 2000 рублёў.
Што адбылося 27 верасня? Версіі абвінавачаных:
Да шасці гадоў турмы за кінутую шклянку. У Гародні працягнуўся суд за гвалт над АМАПаўцамі
На пасяджэнні 18 сакавіка пракурор Сяргей Пятрашка запрасіў пакаранне для чатырох гарадзенцаў. Міхаіла Яфімовіча і Вадзіма Хіжнякова ён прапанаваў пакараць 2,5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Міхаіла Юдзіна - 4 гадамі, Андрэя Севертоку - 5,5 гадамі.
У гэты дзень выступіў у спрэчках адвакат Міхаіла Яфімовіча. Абаронца паказаў на працэсуальныя парушэнні, як на этапе следства, так і ў судовым даследаванні, на незаконнасць узбуджэння крымінальнай справы, прызнання падазраваным і здзяйснення ўсіх дзеянняў Яфімовіча ў гэтым статусе. Ён казаў пра недапушчальнасць пісьмовых доказаў і недакладнасць паказанняў пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа і сведкаў з міліцыі. Адвакат прасіў апраўдаць падабароннага за недаказанасцю яго ўдзелу ў здзяйсненні злачынства.
Судовыя спрэчкі з удзелам адвакатаў астатніх абвінавачаных адбудуцца 24 сакавіка ў 14.30.