Магілёўца асудзілі на 2 месяцы арышту за палітычныя надпісы на асфальце
Сёння ў судзе Ленінскага раёна Магілёва вынесены прысуд 18-гадоваму Сяргею Турунову, якога прызналі вінаватым у псаванні маёмасці і нанясенні шкоды дарожна-маставому прадпрыемству на суму 56 рублёў 73 капейкі.
Хлопец у адным са спальных раёнаў гораду ў разгар леташніх пратэстаў напісаў фарбай на асфальтавым пакрыцьці і лесьвіцы лічбы «З%» і «80%». У яго дзеяньнях угледзелі злачынства і абвінавацілі ў парушэньні 341 артыкулу Крымінальнага кодэксу (“Апаганьваньне і псаваньне маёмасці”), паведамляе Радыё Свабода.
11 сакавіка суддзя Аксана Ратнікава ў судзе Ленінскага раёну Магілёва пастанавіла пакараць Турунова 2 месяцамі арышту і прысудзіла выплаціць шкоду камунальнаму прадпрыемству. Цягам 10 дзён абвінавачаны мае права абскардзіць прысуд, што ён і будзе рабіць.
Сваю віну Турунаў прызнаў і раскаяўся, разам з тым не пагадзіўся, што распісваў ходнікі з групай асобаў. Паводле яго, надпісамі ён выказваў нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў. Адвакатка прасіла суд аб паблажцы падабароннаму, зазначыўшы, што ён пакутуе ад псіхічнага расстройства.
Дзяржаўнае абвінавачаньне прасіла асудзіць Турунова на 3 месяцы арышту. Пракурорка адзначыла, што падсудны ня выплаціў шкоду камунальнаму прадпрыемству, а значыць, не ўсвядоміў віны і не раскаяўся. Паводле яе, надпісы былі нанесеныя ў грамадзкім месцы і іх маглі бачыць іншыя асобы. Акрамя таго, пасудны быў нападпітку, што абцяжарвае віну.
Як вынікае з матэрыялаў справы, абвінавачаны зрабіў злачынства ў стане алкагольнага ап’янення ў групе нявызначаных асобаў у ноч з 14 на 15 жніўня. Хлопца затрымаў старшы прапаршчык унутраных войск Яўген Марчанка, які выклікаў міліцыю.
Турунова спачатку аштрафавалі за знаходжанне ў грамадзкім месцы ў стане алкагольнага ап’яненьня, а ў канцы лістапада 2020 году супраць яго распачалі крымінальную справу за псаваньне маёмасьці. За прамінулы час ад надпісаў мала што засталося. Пакаранне для Турунова пачнецца з моманту ягонага затрымання.