У Рэчыцы затрымалі ўдзельніка пратэстаў з асяроддзя футбольных заўзятараў
29-гадовага жыхара Рэчыцы абвінавачваюць у арганізацыі групавых беспарадкаў, спалучаных з непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Затрыманне Максіма Ялканава праводзілі супрацоўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК. Інфармацыю аб затрыманні пацьвердзіў тэлеграм-канал МУС Беларусі. Паводле сілавікоў, Максім Ялканаў у жніўні мінулага года «падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у Рэчыцы і Гомелі арганізаваў групавыя беспарадкі, спалучаныя з непадпарадкаваннем міліцыянтам».
Таксама паведамляецца, што Максім Ялканаў з’яўляецца прыхільнікам неанацысцкай ідэалогіі. Але, як удалося даведацца "Палескай Вясне" ў знаёмых Максіма, яны ніколі не заўважалі за ім нейкіх паводзінаў, якія б сведчылі пра ягоную прыхільнасць да неанацызму.
Максіма Ялканава затрымалі на працы 9 сакавіка. Яго папрасілі праехаць для гутаркі да следчага, але на волю ён так і не выйшаў. Увечары 10 сакавіка з’явілася інфармацыя МУС пра ягонае затрыманне.
Нягледзячы на тое, што ў пачатку паведамлення МУС Ялканава абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293 Крымінальнага кодэкса), у рэшце міліцыянты пішуць, што ў дачыненні да яго завялі крымінальную справу аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем прадстаўнікоў улады. Гэтае злачынства прадугледжана артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса. Зараз Максім Ялканаў зняволены ў ІЧУ ў Гомелі.