Затрыманні блогераў і адмінаў раённых чатаў, ды іншы пераслед за другога сакавіка Дапоўнена
Праваабаронцы "Вясны" і валанцёры 2 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
У Мінску 2 сакавіка адбываюцца масавыя затрыманні адмінаў мікрараённых і профільных тэлеграм-чатаў. Такая інфармацыя прыйшла з Каменнай Горкі, Матусевіча, Першамайскага раёна, а таксама ад вольнага прафсаюза студэнтаў, паведамляе @nashaniva.
У Мінску таксама вядома пра затрыманне некалькіх чалавек:
- Такарчук Вольга, блогерка, якая вядзе свой YouTube-канал;
- Таптуноў Анатоль, супрацоўнік Epam;
- Паршанкоў Аляксандр (БДУ);
- Пратасеня Андрэй (БДУ);
- Новікаў Аляксандр;
- Літвін Руслан;
- Савянок Марына (Яе кватэру ўзламалі, Марыну забралі ў кайданках, а ў пустой кватэры быў ператрус).
Да Літвіна раніцай прыехалі дадому. Са слоў жонкі забралі "за абразу супрацоўніка міліцыі" (пад пастом у сацыяльных сетках пакінуў непрыстойны каментар). Ці затрыманы ён у рамках адміністрацыйнага працэсу або крымінальнай справы - пакуль невядома.
У раёне Каменнай Горкі затрыманыя не меней чым за 20-ць чалавек. Сярод іх:
- Карташоў Канстанцін;
- Карташова Алена;
- Саболька Алена;
- Саболька Яўген;
- Спісак Вольга;
- Спісак Дзмітрый;
- Пунько Дзмітрый;
- Пацалуева Аксана;
- Багданкевіч Кацярына;
- Мароз Анастасія.
У Берасці каля 9 гадзін раніцы сілавікі прыехалі дахаты да Аляксандра Казлянка. Пра гэта "Першаму Рэгіену" паведаміў брэсцкі лідэр Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў.
"Гучалі нейкія падазрэнні ў захоўванні або распаўсюдзе наркотыкаў. Для мяне гэта абсурдна, я ведаю Аляксандра як чалавека, які не паліць, не п'е, выступае за здаровы лад жыцця", - кажа Валянцін Лазарэнкаў.
Брат Аляксандра Дзмітрый распавёў Лазарэнкаву, што затрымлівалі даволі жорстка. Дзмітрыя паклалі на падлогу тварам уніз. Затрыманне адбывалася на вачах у маці і бацькі.
У Магiлеве ў другой палове дня пачаўся ператрус у валанцёркі каманды MAYDAY Наталлi Мiхальковай. Падрабязнасці высвятляюцца. Па інфармацыі праваабаронцаў, ператрусы таксама праходзяць яшчэ ў некалькі магілёўскіх валанцёраў.
Ператрус таксама і ў валанцёркі Таццяны Жывіцы ў рамках крымінальнай справы паводле арт. 342 КК.
Ператрусы ў абедзвюх дзяўчат доўжыліся нядоўга, па выніках нічога канфіскавана не было. Мерапрыемства праводзілі супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ. Ператрус дома ў Наталлі Міхальковай праходзіў пры яе бацьках, без удзелу непасрэдна Наталлі.
Адну з кіраўніц Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай выклікалі 3 сакавіка на допыт у Следчы камітэт.
"Складана сказаць, што насамрэч з’яўляецца прычынай увагі, — цытуе Нядбай тэлеграм-канал арганізацыі. — Калі я добра разумею, цікавіць маё мінулае месца працы — „Прэс-клуб”, з якім я супрацоўнічала да 2017 года. Допыт прызначаны на 3 сакавіка а 11-й гадзіне, збіраюся ісці з адвакатам”.
Вядомы берасцейскі гурт «Дай дарогу!» планаваў увечары 2 сакавіка запісаць відэа для онлайн-фэсту «Артысты перамогі», які ладзіць Беларускі фонд культурнай салідарнасці. Дзеля гэтага музыкі прыехалі ў адзін з менскіх клюбаў. Але, як піша Радыё Свабода, за гадзіну да пачатку здымак клуб наведала міліцыя. Яна запатрабавала разысціся, іначай усіх прысутных затрымае АМАП. Здымачная каманда праекту вымушаная была падпарадкавацца. А вось здымкі відэа перанеслі на няпэўны тэрмін.
Будзе дапоўнена.