viasna on patreon

За наезд на нагу супрацоўніка ДАІ мінчука будуць судзіць за замах на забойства

2021 2021-01-23T10:40:49+0300 2021-02-15T20:30:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/trocki_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

45-гадовага мінчука Аляксандра Троцкага абвінавачваюць у замаху на забойства супрацоўніка органаў ўнутраных справаў. Паводле абвінавачвання, ён наехаў 12 жніўня на сваёй машыне на нагу супрацоўніка ДАІ. У той вечар каля Стэлы машыну Аляксандра спынілі ўзброеныя людзі, калі ён адмовіўся выходзіць да іх з машыны, то выбілі шыбы, дасталі яго з салона і моцна збілі. З чэрапна-мазгавой траўмай пад канвоем і ў кайданках ён правёў у шпіталі тры тыдні. Затым Аляксандра Троцкага перавялі ў СІЗА-1 па крымінальнай справе за гвалт у дачыненні да міліцыянта (арт. 364 КК). Але перад перадачай справы ў пракуратуру следчыя перакваліфікавалі абвінавачанне на больш жорсткае — замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса). Крымінальную справу супраць мінчука неўзабаве будзе разглядаць Мінскі гарадскі суд. Акрамя гэтага, 22 студзеня суд Цэнтральнага раёна асудзіў Аляксандра на 15 сутак за непадпарадкаванне супрацоўніку АМАПу 12 жніўня. Мы пагаварылі з жонкай Аляксандра Ірынай, валанцёры "Вясны" маніторылі адміністрацыйны працэс над Троцкім — распавядаем усё, што вядома па справе.

Аляксандр Троцкі. Фота прадастаўлена
Аляксандр Троцкі. Фота прадастаўлена "Вясне" жонкай Аляксандра

Што адбылося жнівеньскім вечарам паміж Аляксандрам Троцкім і супрацоўнікамі ДАІ і АМАПа?

Аляксандра затрымалі 12 жніўня каля Стэлы па дарозе дадому.

"Усё адбылося 12 жніўня каля 20:00. Як мне потым сказалі, муж паварочваў з Мельнікайтэ на праспект Пераможцаў, дарога была пустая. І ў гэты момант машыну спынілі ўзброеныя людзі, каля 10 чалавек, сказалі выходзіць з машыны. Ён не пагадзіўся і тады пачуў, што будуць страляць, гэтыя людзі сталі біць шкло, муж з'ехаў. Цяпер, паводле версіі следства, ён наехаў на нагу міліцыянта", распавядала Ірына, жонка Аляксандра, пасля інцындэнта TUT.BY.

У той вечар прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава ў Telegram-канале, паведаміла, што "каля 20:00 на скрыжаванні вул. Мельнікайтэ і пр-та Пераможцаў у Мінску 45-гадовы мужчына за рулём "Шкоды" здзейсніў наезд на супрацоўніка ДАІ. Кіроўца паспрабаваў схавацца з месца здарэння, але неўзабаве быў затрыманы. Для затрымання транспартнага сродкі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выкарыстоўвалі табельную зброю".

Таксама ў ведамстве паведамілі, што супрацоўніку міліцыі аказана медыцынская дапамога і ён дастаўлены ў медустанову. Аднак тое, што і кіроўца "Шкоды" быў дастаўлены ў бальніцу пасля збіцця — Чамаданава змаўчала.

"Пры затрыманні ў машыне выбілі шыбы, так дасталі мужа з салона і збілі. Што было далей — не ведаю. Ноччу са мной звязаўся медперсанал 5-й бальніцы, паведаміў, што Аляксандр паступіў з дыягназам чэрапна-мазгавая траўма, глухата, пры гэтым быў моцна збіты", — распавядае жонка Аляксандра.

У 5-й клінічнай бальніцы мужчына знаходзіўся тры тыдні. За гэты час у палату да Аляксандра нікога з родных не пусцілі. Ён быў прыкаваны кайданкамі да ложка, яго ахоўваў канвой. Трэцяга верасня Аляксандра з лякарні перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе ён знаходзіцца і цяпер. Ірына распавядае, што яе муж у лістах піша, што цяпер "здароўе нядрэнна". 

Так выглядаў Аляксандр пасля затрымання. Фота прадастаўлена чытачом TUT.BY
Так выглядаў Аляксандр пасля затрымання. Фота прадастаўлена чытачом TUT.BY

Справа перададзена ў Мінгарсуд

У дачыненні да Аляксандра адразу распачалі крымінальную справу паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў. Аднак у снежні — перад перадачай справы ў пракуратуру — абвінавачванне перакваліфікавалі. Цяпер Аляксандра Троцкага абвінавачваюць па ч. 1 арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса — замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў у сувязі з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку.

Санкцыя артыкула 362 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, пажыццёвае зняволенне, смяротнае пакаранне. Згодна ч. 2 арт. 14 КК адказнасць за замах на злачынства надыходзіць па тым жа артыкуле Кодэкса, што і за закончанае злачынства.

Крымінальная справа супраць Аляксандра Троцкага ўжо перададзена ў Мінскі гарадскі суд — неўзабаве пачнецца судовае разбіральніцтва.

За непадпарадкаванне па 23.4 КаАП 12 жніўня Троцкага асудзілі праз паўгода

У пятніцу, 22 студзеня, калі крымінальная справа супраць Аляксандра ўжо знаходзілася ў Мінгарсудзе, Цэнтральны суд разгледзеў адміністрацыйную справу супраць яго за непадпарадкаванне супрацоўніку АМАПу 12 жніўня — паводле арт. 23.4 КаАП. Гэты паўторны разгляд справы, новы пратакол на яго быў складзены 22 снежня. Суддзя Дзмітрый Карсюк асудзіў Аляксандра Троцкага на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Суд не забяспечыў прысутнасць Аляксандра па адміністрацыйным працэсе нават праз скайп. На разглядзе адміністрацыйнай справы камандзір 5 роты АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Карата, якому нібыта аказаў непадпарадкаванне Троцкі, з'явіцца не змог — "з 20 да 24 студзеня знаходзіцца ў службовай камандзіроўцы".

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.4 КаАП "12 жніўня з 19:50 па 19:55 гадзін на праезнай часткі на скрыжаванні вул. Мельнікайтэ і пр-та пераможцаў Мінска, Троцкі, маючы намер на непадпарадкаванне службовай асобы супрацоўніка АУС на неаднаразовыя законныя патрабаванні камандзіра 5 роты АМАП ГУУС Мінгарвыканкама супрацоўніка АМАПа Карата пры выкананні службовых паўнамоцтваў заглушыць рухавік аўтамабіля "Шкода Кадзіак", выйсці з аўтамабіля і адкрыць багажнае аддзяленне транспартнага сродку для правядзення надгляду на прадмет наяўнасці забароненых прадметаў і рэчываў катэгарычна вусна адмовіўся ў грубай форме. Пры гэтым, рухавік наўмысна не заглушыў, з аўтамабіля не выйшаў асабіста, багажнае аддзяленне для агляду не прадаставіў, чым аказаў непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка АУС пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў".

У матэрыялах гэтай справы фігуруюць таксама супрацоўнікі АМАПа Дайнэкі, Рыжанкоў, супрацоўнік ДАІ Юраў, аднак у якасці сведак яны па справе дапытаныя не былі, суддзя адмовіўся дапытваць іх у якасці сведак і на судзе. Адвакат Троцкага паказала шэраг парушэнняў да пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні.

У матэрыялах справы ўтрымліваецца пратакол допыту ад 14 жніўня пацярпелага Юрава [верагодна, паводле абвінавачванняў па крымінальнай справе яму Троцкі наехаў на нагу на машыне], сведак супрацоўнікаў АМАПа Дайнэкі і Рыжанкова. Згодна з імі, супрацоўнік ДАІ Юраў 12 жніўня спыніў машыну Троцкага, супрацоўнік АМАПа Карата сказаў выйсці з машыны і адкрыць багажнік і "гучна і выразна папярэдзіў, што ў выпадку непадпарадкавання да яго будзе ўжытая фізічная сіла і спецсродкі", Аляксандр Троцкі сказаў, што "ён баіцца і не будзе адчыняць дзверы аўтамабіля, паводзіў сябе ўзбуджана". Тады Рыжанкоў стаў тузаць за ручку кіроўчай дзверы, але дзверы былі заблакаваныя. Што адбывалася далей — у судзе 22 студзеня не агучвалася. Абставіны наезду на нагу супрацоўніку ДАІ 12 жніўня матэрыялы адміністрацыйнай справы замоўчваюць. 

Скрыншот з відэа СК. Як мяркуецца, на ім пацярпелы супрацоўнік ДАІ
Скрыншот з відэа СК. Як мяркуецца, на ім пацярпелы супрацоўнік ДАІ

Адвакат у судзе сказаў, што Аляксандр Троцкі не прызнае віну і гэтае правапарушэнне ён не здзяйсняў. Паводле яго словаў, мужчына гатовы быў падаць патрэбныя дакументы супрацоўніку АМАПу праз фортку аўтамабіля і адкрыць багажнік для агляду, застаючыся ў салоне аўто. Таму Троцкі не аказваў непадпарадкаванне супрацоўніку АУС. Аднак суддзя Дзмітрый Карсюк прыняў рашэнне прызнаць Аляксандра Троцкага вінаватым па арт 23.4 КаАП і асудзіў на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

У Аляксандра двое непаўналетніх дзяцей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства