viasna on patreon

Адміністратарку тэлеграм-чата «Контроль автозаков Минск» асудзілі на 15 сутак за ўдзел у Маршы

2020 2020-12-19T15:37:19+0300 2020-12-19T15:37:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/admin-1412.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманую супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 14 снежня ў Мінску адміністратарку тэлеграм-чатаў «Контроль автозаков Минск» і «Чат лошков-петушков» 25-гадовую Ганну Аленскую суд Савецкага раёну арыштаваў на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка. Дзяўчына на дадзены момант знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Ці ўзбуджаная супраць яе крымінальная справа – невядома, бо за кратамі яна цяпер знаходзіцца на падставе прысуджанага ёй адміністрацыйнага арышту.

Ганна Аленская / Кадр з відэа​
Ганна Аленская / Кадр з відэа​

Ганну Аленскую затрымалі 14 снежня. Пра гэта стала вядома з telegram-канал ГУБАЗіКа, які апублікаваў відэа яе допыту, дзе Ганна кажа, што "яна адміністрыравала тэлеграм-чаты "Кантроль аўтазакаў Мінск" і "Кантроль лашкоў-петушкоў". Па інфармацыі ведамства, дома ў дзяўчыны прайшоў ператрус. У інтэрнэце былі апублікаваны фотаздымкі кватэры Ганны нібы пасля ператрусу. Але інфармацыі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы на Аленскую не было.

Праз некалькі дней пасля затрымання стала вядома, што яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у маршы "Народны ўльтыматум" 25 кастрычніка. Справу Ганны Аленскай разглядала суддзя суда Савецкага раёна Алена Жуковіч. Пра ўзбуджэнне крымінальнай справы на яе ў судзе інфармацыі не гучала. Па пратаколу, Ганна "25 кастрычніка ў перыяд з 14:30 да не пазней 17:00 па маршруту накіравання па маршруту праспект Незалежнасці, 30 – вуліца Даўмана, 23 – праспект Машэрава, 25 – вуліца Максіма Багдановіча, 155 – вуліца Ламаносава, 5 прыняла актыўны ўдзел у групе асобаў, абазначаных бел-чырвона-белай сімволікай, у вулічным шэсці без дазволу Мінгарвыканкама". Дзяўчына цалкам прызнала віну і пагадзілася з пратаколам. На судзе праз скайп быў таксама заслуханы сведка супрацоўнік Савецкага РУУС Бельскі. Ён распавёў, што бачыў Аленскую на гэтым шэсці, што было зафіксавана адпаведным чынам. Па пратаколу затрымання Ганну затрымалі 14 снежня ў 16:00. Суд Савецкага раёна 16 снежня на падставе пратаколу, паказанняў самой Ганны і сведкі-міліцыянта арыштаваў Ганну Аленскую на 15 сутак.

Па стане на 18 снежня дзяўчына знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства