viasna on patreon

"Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў". Алесь Бяляцкі пра крымінальную справу за "Дзяды"

2020 2020-11-02T18:36:32+0300 2020-11-02T19:14:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

У панядзелак другога лістапада Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што пасля нядзельнай акцыі ў Мінску “Дзяды” ўзбуджана крымінальная справа за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). І падазраванымі па гэтай справе адразу прызнаны ажно 231 чалавек. Следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца, паведамляе СК.

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі выказаўся з нагоды новай маштабнай крымінальнай справы.  

За апошнія тры месяцы 2020 году ў Беларусі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту былі арыштаваныя каля 17 000 чалавек, каля 1000 асобаў падазраюцца ці абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах па палітычных матывах. Супрацоўнікі міліцыі падчас масавых маніфестацыяў у жніўні гэтага году забілі  Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, Аляксандр Віхор памёр пасля затрымання ў аўтазаку, Мікіта Крыўцоў загінуў пры невысветліных абставінах. Больш за тысячу мірных дэманстрантаў былі параненыя і звярнуліся ў бальніцы па медычную дапамогу. Тысячы нашых суайчыннікаў катавалі, ім ламалі рукі, ногі, іх гвалтавалі, з іх здзекваліся. Следчы камітэт не ўзбудзіў ніводнай крымінальнай справы па сотнях і сотнях заяў, пададзеных ад нашых грамадзянаў.

Адначасова, 2 лістапада Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па крымінальным артыкуле 342, які стаў вельмі папулярным ва ўладаў з гэтага лета, за, як быццам бы, арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Безпрэцэндэнтная колькасьць падазроных па гэтай справе – 231 чалавек з тых, што былі ўчора затрыманыя падчас маршу на Курапаты. Улады перакрочылі мяжы логікі і сэнсу.

Масавыя злачынствы супраць беларускага народу працягваюцца. Упершыню з 1988-га году было разагнана народнае шэсце ў дзень памяці продкаў Дзяды. Былі груба парушаны, затаптаныя у бруд народныя традыцыі, этыка і звычайная чалавечая прыстойнасць. Супраць мірных дэманстрантаў выкарыстоўваліся спецсродкі, іх абстрэльвалі гумовымі кулямі, у іх кідалі светашумавыя гранаты, іх безпадстаўна збівалі пры затрыманні, над імі здзекваліся падчас транспартавання ў аддзелы міліцыі.

Відавочна, што загад на гвалт і на ўзбуджэнне гэтай мега-крымінальнай справы быў аддадзены з самага верху.

Парушэнні правоў чалавека ў краіне дасягнулі нябачных дагэтуль маштабаў. Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў.  Супраць народу ўлады развязалі сапраўдны тэрор. Беларусь хутка скатваецца ў свірэпы таталітарызм.

Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны"

З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, больш чым за пяць месяцаў у краіне заведзена больш за 700 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства