viasna on patreon

"Нам по**й, раз назваўся хлопцам, значыць, распранайся". Як абыходзіліся з трансгендарным чалавекам у мінскім і жодзінскім ІЧУ

2020 2020-10-06T10:20:00+0300 2020-10-06T11:05:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vyal_ko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сілавікі ў аліўкавай форме і масках затрымалі ЛГБТ+ актывіста Жэню Вялько на Маршы жанчын 26 верасня каля Камароўскага рынку ў Мінску. Яго пратрымалі двое сутак на Акрэсціна ў Мінску і ў ІЧУ у Жодзіна да суда. 28 верасня Жэню аштрафавалі на 137,5 рублёў паводле арт 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і адпусцілі. Як паведамляе MAKEOUT, з-за таго, што Жэня – трансгендарны чалавек, у ІЧУ і міліцыі ён падвергнуўся жорсткаму абыходжанню і дыскрымінацыі на падставе сваёй ідэнтычнасці, пра што сведчаць шматлікія факты прымянення да яго трансфобнай рыторыкі, шантажу і пагроз. "Вясна" прыводзіць гісторыю Жэні Вялько. 

Жэня Вялько на мітынгу ў Мінску. Фота: radiosvaboda
Жэня Вялько на мітынгу ў Мінску. Фота: radiosvaboda

На працягу ўсяго затрымання людзі ў масках ігнаравалі Женін пашпартны пол, пастаянна прымушалі пацвярджаць сваю гендэрную прыналежнасць, абразліва адклікаліся аб яго гендэры, высмейвалі знойдзены ў сумцы ЛГБТ+ сцяг.

"У іх у руках была камера, яны здымалі мяне, знялі пашпарт на камеру. <...> Калі пачулі, што мяне клічуць Яўген Дзмітрыевіч, пачалі [здзекавацца]: "ды ты паглядзі, хаха, гэта мужык". Нехта спытаў: "Че, ты ўжо аперацыі зрабіў-не зрабіў?», і інш. Увесь гэты час, людзі, якія мяне перасаджвалі з машыны ў машыну, казалі «прыкінь, гэта хлопец». І смех. "Глядзі, зацані, гэта хлопец, я сам у шоку, капец", і т. д.”

Разам з затрыманымі на маршы жанчынамі Жэню даставілі ў Ленінскае РУУС г. Мінска.

"Калі ў мяне апісвалі маёмасць, дакапаліся да гігіенічных пракладак, якія ў мяне там ляжалі, паднялі на смех пракладкі і вясёлкавы сцяг са словамі "ну, усё зразумела тады, які ты хлопец".

У РУУС Жэню дапыталі і далі на подпіс распіску аб тым, што раней канфіскаваны для вопісу мабільны тэлефон яму нібыта ўжо выдалі (што было няпраўдай). Яму таксама не аддалі копію пратаколу, але сказалі распісацца за яе атрыманне.

"Мне шпурнулі ў твар пратакол і сказалі, што "такія мужыкі як я гэтай краіне не патрэбныя". "Што я наогул за мужык такі, вартае жалю відовішча". Спрабавалі пераканаць падпісаць [распіску], але я не падпісаў".

Супрацоўнікі 40 хвілін прымушалі Жэню да дактыласкапіі пагрозамі і дэзінфармацыяй адносна ягоных правоў:

"Мне забаранілі садзіцца, можна было толькі стаяць. Зачытвалі з тэлефона нейкія законы, па якіх я нібыта павінен здаць [адбіткі пальцаў]. Я паўтараў, што гэта незаконна, што я адмаўляюся. Тады сказалі, што "мае пальцы адкатаюць сілай у іншым месцы".

Пакуль Жэня знаходзіўся ў РУУС, супрацоўнікі казалі яго сваякам, што яго няма ўнутры, нягледзячы на тое, што маці Жэні мела на руках звесткі аб геалакацыі тэлефона Жэні і фатаграфію Жэні сярод іншых затрыманых у двары РУУС, апублікаваную ў тэлеграм-канале Еўрарадыё. Супрацоўнікі працягвалі адмаўляць знаходжанне ў іх Жэні нават пасля таго, як адна з адпушчаных з РУУС жанчын паведаміла, што Жэня ўвесь гэты час знаходзіўся з ёй побач. Пры адмове супрацоўнікі рабілі ўпор на гендар затрыманых, паўтараючы, што сярод затрыманых няма мужчын, таму няма Жэні.

З РУУС Жэню перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.

"Нас паставілі ля розных сценак, я быў адзіным з мужчынскім пашпартам, з гэтага смяяліся ўсе запар. Мне сказалі распрануцца да трусоў, у мяне з сабой была ўцяжка з эластычных бінтоў. Я сказаў медсястры, што я трансгендар. Яна стала задаваць пытанні: кім я быў да гэтага, якое маё папярэдняе прозвішча, ці збіраюся я рабіць аперацыі, і г.д.”

З ІЧУ на Акрэсціна Жэню перавезлі ў ІЧУ г. Жодзіна. Пры перавозцы былі парушаныя эпідэміялагічныя правілы, у аднамесным блоку ехалі тры чалавекі, адзін з іх меў сімптомы вострага рэспіраторнага захворвання (кашаль, моцная дыхавіца). Адмова адкрыць дзверы для доступу паветра матывавалі неадпаведнасцю Жэнінага пашпартнага полу і знешнасці. Пры размеркаванні ў РУУС супрацоўнікі перавысілі паўнамоцтвы пры даглядзе, выказваючы пагрозы і намёкі сэксуалізаванага характару, а таксама пагражалі жонцы забойствам за яго гендэрную прыналежнасць.

Жэня Вялько. Фота: citydog.by
Жэня Вялько. Фота: citydog.by

"Нас паставілі да сценкі, мяне паставілі асобна і доўга абмяркоўвалі, [як яны здзіўленыя], што я хлопец". Яны былі ў масках, без бэйджаў. На Акрэсціна я зняў уцяжку і не паспеў яе надзець, можна было ўбачыць наяўнасць у мяне грудзей і гэта выклікала іх цікавасць. <...> Крычалі, тыкалі ў спіну дубінкай, казалі, што "навучаць як сябе паводзіць". Мяне пыталіся – "ты Яўген ці Яўгенія". [На даглядзе] мяне прымусілі распрануцца да трусоў пры ўсіх. Калі я сказаў, што я трансгендарны чалавек і ў мяне ёсць грудзі, яны сказалі: "Нам по**й, раз назваўся хлопцам, значыць, распранайся". Доўга глядзелі і рагаталі. Пасля гэтага мяне зноў паставілі асобна ад усіх і я стаяў там даўжэй за ўсіх, мяне пакінулі апошнім. <...> Задавалі пытанні: "Ты не Яўген, а Яўгена, а як цябе клічуць у колах тваіх трансаў, а што ў цябе ў трусах?" і гэтак далей. Калі яны абмяркоўвалі, "куды яго ці яе накіраваць" (да мяне не звярталіся нармальна, толькі "ён-яна"), некалькі разоў агучылі, што мяне "цяпер агледзяць па поўнай праграме", казалі, што будуць аглядаць мяне "асаблівым чынам", а потым некалькі разоў паўтарылі, што"такія сукі як я не павінны жыць, таму мяне трэба вывесці на двор і расстраляць, [што яны цяпер гэта зробяць]".

Пры размеркаванні па камерах супрацоўнікі ІЧУ пагражалі Жэне размеркаваннем ў камеру, дзе да яго можа быць ужытыя фізічны або сэксуальны гвалт.

"Мяне пасадзілі ў камеру, дзе я быў адзін, але да гэтага актыўна казалі: "Давай яго пасадзім да мужыкоў, каб яны яго там навучылі", "калі хлопец, хай сядзіць з хлопцамі і не вы***ецца".

У ІЧУ г. Жодзіна ў Жэні адабралі асабістыя рэчы, у тым ліку цёплыя рэчы, лекі і ўцяжку. Супрацоўнікі з суботняй змены адмаўляліся выдаваць Жэне перадачу, аргументуючы гэта яго трансгендарным статусам:

"Было вельмі холадна. Нас нікуды не выводзілі адтуль. Я стукаў у дзверы і прасіў даць мне [лекі], зубную пасту і шчотку, бялізну – за гэты час бялізну так і не далі. Яны зазіралі ў акно і казалі "Ты Яўген ці Яўгенія? Калі Яўген, то тады яшчэ пасядзі". Я чуў, што дзяўчатам у іншых камерах прыносілі рэчы, але мне яны прынцыпова не аддавалі нічога. Я чуў, як яны абмяркоўвалі гэта – казалі: "Гэты транс хай пасядзіць, не**й вы**вацца, раз мужык, значыць пасядзіць". [Нядзельная змена выдала лекі, але адмовілася аддаць вопратку і бялізну]. Да суду ў мяне не было рэчаў".

У панядзелак перад судом супрацоўнікі ІЧУ Жодзіна пагражалі зняволеным, што калі тыя будуць паводзіць сябе не так, як ад іх патрабуюць, іх працягнуць без суда ўтрымліваць у турме. На судзе Жэне сказалі падпісаць адмову ад абароны, бо яго сваякі нібыта не далі інфармацыю аб заключэнні дамовы з адвакатам. На судзе не выступалі сведкі і не паказалі ніякіх відэазапісаў, якія даказваюць праўдзівасць паказанняў. Суддзя сказала, што няма падставаў сумнявацца ў паказаннях сведак. Жэне прысудзілі штраф у памеры 5 базавых велічынь. Пасля суда ў Жэні адабралі беларускі і ЛГБТ+ сцягі.

"Потым мне аддалі рэчы – бчб-сцяга там ужо не было, а вясёлкавы сцяг сілавік мяне запатрабаваў выняць і аддаць. Жанчыны, якія былі затрыманыя ў суботу разам са мной, сказалі, што яны не маюць права адымаць сцяг, што гэта не незарэгістраваная сімволіка, але тады ім сказалі, што "калі яны працягнуць узнікаць, іх тут пакінуць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства