viasna on patreon

Алесь Бяляцкі пра Юрыя Арлова: Ягоны прыклад стойкай барацьбы важны сёння для беларусаў

2020 2020-09-28T17:52:22+0300 2020-09-28T18:01:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/yuriy_orlov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Арлоў. Фота Wikipedia Commons

Юры Арлоў. Фота Wikipedia Commons

27 верасня на 97-ым годзе пайшоў з жыцця праваабаронца, заснавальнік Маскоўскай Хельсінкскай групы Юры Арлоў. Пра гэта паведамляецца на сайте арганізацыі.

Юрый Арлоў – навуковец, дысідэнт, доктар фізіка-матэматычных навук. У 1986 годзе Арлова пазбавілі грамадзянства і прымусова выслалі з СССР, памяняўшы яго на савецкага разведчыка. Пасля ён стаў прафесарам Корнэлскага ўніверсітэта.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі ўспамінае пра яго:

"Юры Арлоў – адзін з заснавальнікаў Маскоўскай Хельсінкскай Групы, легендарная, гістарычная асоба ў правабарончым руху. Ён надзвычай шмат зрабіў, каб паказаць сутнасць аўтарытарнай, антычалавечай палітычнай сістэмы ў СССР і пазначыць далёкія маякі дэмакратыі, правоў чалавека, якія былі вызначальнымі для многіх сумленных людзей у наступныя часы.

Пасля падпісання Хельсінкскіх пагадненняў у 1975 годзе, якія падпісаў і СССР, гэта была ягоная ідэя стварыць Хельсінкскую групу, якая б публічна маніторыла выкананне абавязкаў краінаў, што тычыліся правоў чалавека. Неўзабаве такія групы таксама былі створаныя ў некаторых іншых рэспубліках – у Грузіі, Арменіі, Украіне, Літве.

У тыя часы нешматлікія праваабронцы выступалі, здавалася б, у безнадзейнай барацьбе супраць магутнай, ідэалагічнай, вайсковай машыны, якая існавала ў Савецкім Саюзе. Яны выступалі з вельмі простымі лозунгамі – патрабавалі свабоду слова, свабоду распаўсюду інфармацыі, свабоду сходаў, справядлівых выбараў.

Гэтыя правы былі прапісаныя ў Канстытуцыі, але ў СССР, як і ў сённяшняй Беларусі, яны не выконваліся. Праваабронцы ў 60-70-я гады дабіваліся выканання ўжо дэклараваных правоў і свабодаў. На гэтым была пабудаваная іхняя ідэалогія, іхняя барацьба, якая дала нечаканы плён. Здавалася, што жменька людзей, з голымі рукамі, без магчымасці быць шырока пачутымі, якіх вечна пераследавалі, наўрад ці магла дабіцца чагосьці істотнага. Але ж – не. Урэшце рэшт справядлівыя ідэі праваабаронцаў прывялі да зруйнавання “турмы народаў” – СССР.

Амаль усе сябры Хельсінкскіх групаў прайшлі праз турмы, у тым ліку і Юры Арлоў, які сем гадоў адсядзеў у лагерах і пяць гадоў правёў у ссылцы.

Ён быў член-карэспандэнт Акадэміі Навук, фізік, чалавек навуковы, але ў той жа час і глыбока гуманітарны, які ставіў чалавечую годнасць на першае месца. Ён адносіцца да кагорты легендарных праваабаронцаў, такіх як Андрэй Сахараў ці Людміла Аляксеева.

Насамрэч, чалавек ён быў вельмі сціплы і душэўны, ніколі не імкнуўся да вядомасці і публічнасці. Я асабіста быў знаёмы з ім, мы бачыліся некалькі разоў на розных праваабарончых форумах. Нягледзячы на свой паважны ўзрост, ён меў вельмі светлы розум і рабіў усё дзеля таго, каб Расія стала дэмакратычнай краінай. Нажаль, ён не дажыў да гэтага часу, але ягоны прыклад стойкай барацьбы, здавалася б, у безнадзейных умовах, калі супраць цябе выступае ўся сіла мілітарызаванай дзяржавы, вельмі захаплівае і натхняе. Ён важны сёння для нас, грамадзян Беларусі. Мы яшчэ не развіталіся са змрочнай спадчынай ленінска-сталінскага СССР. Мы мусім верыць у сваю перамогу і мусім багата што для яе зрабіць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства