viasna on patreon

Супраць актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" распачалі крымінальныя справы Дапоўнена

2020 2020-09-26T10:23:00+0300 2020-09-26T12:57:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eurabel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пяць актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" сталі фігурантамі крымінальнай справы "аб масавых беспарадках" па арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале кампаніі. 

Днём 25 верасня ў Мінску былі брутальна затрыманыя актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Ягор Літвінка, Андрэй Войніч, Анастасія Кірык і Павел Юхневіч. Супраць іх распачатая крымінальная справа па ч 2. арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). 

Паведамляецца, што адначасова ў іншым месцы быў затрыманы Яўген Афнагель. Сілавікі выламалі дзверы ў кватэры, дзе ён пражываў. Як паведамілі ягонай жонцы ў Следчым камітэце, ён пакуль знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна і таксама падазраваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Гэта падцвердзіў рэдактар "Наша Нівы" Ягор Марціновіч, які апынуўся у адной камеры з Яўгенам Афнагелем і Паўлам Юхневічам.

Паведамляецца, што ў кватэры, дзе знаходзіліся актывісты "Еўрапейскай Беларусі" сілавікі патрапілі адначасова праз вакно і дзверы. Пры штурме кватэры сілавікі былі ў масках і са зброяй. Канфіскавалі ўсю тэхніку, сцягі, асабістыя рэчы затрыманых. Па словах відавочцкаў, актывістаў збівалі, патрабавалі паролі ад іх тэлеграмаў.  

Вядома, што Анастасія Кірык і Ягор Літвінка на дадзены момант знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. 

У Беларусі ўзбудзілі яшчэ дзве крымінальныя справы па "масавых беспарадках"

Праваабаронцам "Вясны" 25 верасня стала вядома аб узбуджэнні двух крымінальных спраў у Беларусі па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі"). У рамках крымінальных справаў паводле гэтага артыкула затрыманыя 18-гадовы актывіст з Заслаўя Іван Красоўскі і магілёвец Аляксей Пахомаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства