viasna on patreon

У ААН заклікалі ўлады Беларусі вызваліць з-пад варты Марыю Калеснікаву

2020 2020-09-25T18:14:58+0300 2020-09-25T18:14:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalesnikava_masha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Эксперты ААН у галіне правоў чалавека лічаць, што ўлады Беларусі павінны выпусціць з-пад варты члена Прэзідыума Каардынацыйнага савета Марыю Калеснікаву. Пра гэта гаворыцца ў іх заяве, распаўсюджанай у пятніцу ў Жэневе, піша TACC.

Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г. Фота: Света Фар / belsat.eu

"Беларусь павінна правесці хуткае і эфектыўнае расследаванне таго, што адбылося з Калеснікавай, забяспечыць яе права на эфектыўную кампенсацыю, а таксама ўстанавіць і аддаць у рукі правасуддзя тых, хто адказны за яе гвалтоўнае знікненне", — падкрэслілі эксперты.

Як паказвае ў сваім прэс-рэлізе Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ), "эксперты заклікалі Беларусь вызваліць бачнага апазіцыйнага лідэра Марыю Калеснікаву". Згодна з выкладзенай гэтым ведамствам версіі падзей, яна "была выкрадзена 7 верасня групай мужчын у масках, якія, як мяркуецца, былі агентамі бяспекі". На наступны дзень яе адвезлі да мяжы і сказалі, што яна будзе дэпартаваная. Аднак Калеснікава, па паведамленнях, якія паступілі ў УВКПЧ, пазбегла дэпартацыі, парваўшы свой пашпарт. Далей, згодна з прэс-рэлізу, Калеснікава "знікла на тры дня пры адсутнасці якой-небудзь інфармацыі пра яе месцазнаходжанне і стане здароўя". Улады паведамілі 10 верасня, што яна знаходзіцца пад вартай у Мінску ў сувязі з дасудовым расследаваннем, а 16 верасня яна "была афіцыйна абвінавачаная ў падрыве нацыянальнай бяспекі".

Заяву падпісалі 16 экспертаў ААН, у тым ліку спецдакладчык па пазасудовых карам — Агнэс Каламар, а таксама яе калегі, якія займаюцца абаронай правоў на свабоду меркаванняў — Ірэнэ Кхан, свабоду сходаў — Клеман Ньялетсосі Вуль, палажэннем у галіне правоў чалавека ў Беларусі — Анаіс Марын, пытаннем аб катаваннях — Нільс Мельцэр і члены дзвюх рабочых груп ААН — па гвалтоўных знікненнях і па адвольных затрыманнях.

Мінскі гарадскі суд 25 верасня пакінуў без задавальнення скаргу на заключэнне Калеснікавай пад варту. Раней у Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі заявілі, што Калеснікава была затрыманая пры незаконным перасячэнні мяжы з Украінай. Затым яна была арыштаваная па абвінавачванні ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Беларусі. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Марыю палітзняволенай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства