Заўтра – беларускае пытанне ў Савеце ААН па правах чалавека, сёння – дыскутуюць праваабаронцы
За дзень да тэрміновых дэбатаў у Савеце ААН па правах чалавека, на якіх будзе абмеркаваная сітуацыя ў Беларусі, OMCT, FIDH, Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларуская асацыяцыя журналістаў і Хельсінкскі Фонд па правах чалавека правялі паралельнае анлайн-мерапрыемства, каб праліць святло на масавыя парушэнні правоў чалавека.
У дыскусіі ўдзельнічалі віцэ-прэзідэнт FIDH, намеснік старшыні Рады Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў і прадстаўніца Хельсінкскага фонду па правах чалавека (Варшава) Вольга Саламатава.
Катаванні, збіццё мірных дэманстрантаў і журналістаў, сэксуальны гвалт і іншыя формы прыніжэння, працягваюцца ў Беларусі другі месяц, а ахвяры катаванняў і іх адвакаты падвяргаюцца пагрозам і пераследам пры падачы скаргаў.
Валянцін Стэфановіч: Неабходна стварэнне міжнародных органаў расследавання фактаў катаванняў
Валянцін Стэфановіч распавёў аб тым, што прэзідэнцкія выбары ад самага пачатку суправаджаліся рэпрэсіямі з боку ўлады. Але тое, што адбывалася пасля 9 жніўня, калі тысячы беларусаў, не давяраючы дадзеным ЦВК, выйшлі на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, павергла ў шок увесь свет.
Мірныя дэманстранты былі атакаваныя ў многіх гарадах спецпадраздзяленнямі МУС, якія абсалютна непрапарцыйна прымянілі спецсродкі і зброю. Актыўна прымяняліся гумавыя кулі і светашумавыя гранаты, што прывяло да вялікай колькасці раненняў. Упершыню ў Беларусі як мінімум трое дэманстрантаў загінулі.
На сённяшні момант ПЦ “Вясна” мае больш 500 сведчанняў ахвяраў катаванняў. Праваабаронцы прыступілі да іх сістэматызацыі і напісанню даклада. Вядома што ў Следчы камітэт паступіла каля 1200 заяў ад пацярпелых. Стэфановіч распавёў пра найбольш характэрныя формы катаванняў, маральнага і псіхалагічнага ціску. Людзей збівалі пры затрыманні, у спецтранспарце у аддзяленнях міліцыі а потым гэта працягвалася у цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў. Людзей білі жорстка, да страты свядомасці, прымяняліся электрашокеры. Аднак Следчы камітэт на гэты момант не ўзбудзіў ніводнай крымінальнай справы.
“На жаль, - адзначыў Валянцін Стэфановіч, - мы канстатуем, што ніякага паўнацэннага расследвання чакаць не даводзіцца, На сённяшні дзень мы не бачым ніякіх прававых інструментаў, якія мы маглі б выкарыстаць на нацыянальным узроўні для абароны грамадзян ад самаўпраўства сілавых структур. Агульная сітуацыя у апошні час пагаршаецца, улады ўзмацняюць рэпрэсіі, у дачыненні да грамадзян, каб любымі спосабамі спыніць масавыя выступленні. Мы лічым, што неабходна стварэнне міжнародных органаў расследавання фактаў катаванняў і другіх відаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі".
Алег Агееў: Журналісты ў аднолькавай ступені з іншымі падвяргаліся жорсткай форме гвалту або катаванням
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў адзначыў, што ўжо пад час электаральнага перыяду журналісты і СМІ падвяргаліся значнаму ўціску. Але пасля 9 жніўня сітуацыя ад цяжкай перайшла ў статус крытычнай.
Глянем на лічбы. Пачынаючы ад 9 жніўня было зарэгістравана 180 затрыманняў журналістаў, з іх 21 чалавек быў прысуджаны да арышту. Таксама зафіксавана не менш сарака выпадкаў затрыманняў журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. Агееў таксама прыгадаў шматлікія факты адмовы ў акрэдытацыі замежным журналістаў і выпадкі пазбаўленне ранейшых акрэдытацый.
Па словах Агеева, у Беларусі, з вечара 9 жніўня, практычна цалкам быў адключаны інтэрнэт, блакіроўкі інтэрнэта адзначаюцца і зараз пад час масавых мерапрыемстваў. Адбываліся блакіроўкі сайтаў незалежных медыя, вядома пра 20 рэсурсаў, доступ да якіх быў абмежаваны з прымянененм прававога механізма. Яшчэ больш сайтаў, якіх перыядычна блакуюць у адвольным парадку. Дзяржаўныя тыпаграфіі адмаўляліся друкаваць друкаваныя СМІ, а дзяржаўныя сеткі адмаўляліся іх распаўсюджваць. Выносіліся папярэджанні электронным СМІ, многіяз якіх зараз пад пагрозай закрыцця. Шмат журналістаў з-за сваёй пазіцыі і ўдзеле ў страйцу было звольнена з дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Іх месца занялі запрошаныя з Расіі журналісты і ў выніку з’явілася пагроза расійскай паўзучай інтэрвенцыі ў інфармацыйнае поле.
“Журналісты ў аднолькавай ступені з іншымі падвяргаліся жорсткай форме гвалту або катаванням. А вось што тычыцца прававой абароны журналістаў, іх парушаных правоў, то такіх нацыянальных механізмаў сёння ў краіне не існуе. На ўсе звароты ў дзяржаўныя стуктуры мы атрымліваем адказы ў адзін радок, што праверку праводзіць немэтазгодна, альбо што выкладзеныя факты не адпавядаюць рэчаіснасці”, - паведаміў Алег Агееў.
Вольга Саламатава: Беларусь сёння - краіна асаблівая, тут адбываецца дэфолт права
Прадстаўніца Хельсінкскага фонду па правах чалавека Вольга Саламатава, якая правяла ў Беларусі больш за месяц і на свае вочы бачыла тое, што тут адбываецца не хавае сваіх эмоцый:
“Беларусь сёння - краіна асаблівая, тут адбываецца дэфолт права. Тут створаная сістэма тэрора, адбываецца інтэнсіўны гвалт."
Права на абарону і сітуацыя з адвакатамі яскрава ілюструе тое, што адбываецца зараз ў Беларусі як глыбокі прававы крызіс. Адносіны да адвакатаў прыкладна такія, як да фармальнага прадстаўніка абароны, якога таксама можна пазбавіць усяго. Адвакатаў не пускалі і не пускаюць да адмінстрацыйна затрыманых, ім не паведамляюць пра тое, дзе і калі будуць адбывацца суды над падабароннымі. Іх не пускаюць у РУУС, калі там катуюць і запалохваюць затрыманых. Адвакатаў увогуле не дапускалі на гэтак званыя "канвеерныя" суды, якія адбываліся не памяшканні суду, а праходзілі ў месцах несвабоды.
Саламатава прыгадала, што нядаўна адбылася надзвычайная сітуацыя. Двое адвакатаў былі затрыманыя ў рамках крымінальнай справы за ажыццяўленне сваёй прафесійнай дзейнасці. Зараз і ў адвакатаў, і ў іх кліентаў ужо не засталося аніякіх шанцаў на абарону. Адвакаты Максім Знак і Ілля Салей з 9 верасня знаходзяцца ў СІЗА іх прызналі палітычнымі зняволенымі.
У Жэневе адбудуцца тэрміновыя дэбаты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі