Затрыманні і ператрусы ў Беларусі працягваюцца штодзень Дапоўнена
Супрацоўнікі амапу раніцай 16 верасня затрымалі ў Мінску Арсена Бугаенку. Сваякам паведамілі, што адвязуць для “апытання на 30 хвілін” у Маскоўскі РУУС. Больш з ім сувязі няма.
Актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка затрыманы сёння, 16 верасня, у Глускім РАУС, куды ён прыйшоў адзначацца па правілах прысуджанай яму "хатняй хіміі".
Падставай для затрымання Змітра стаў нібыта заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, размешчаны ў фэйсбуку. Суд над актывістам мусіць адбыцца сёння ў Глускім раёным судзе, - піша “Новы Час” .
У Гомелі сёння быў затрыманы студэнт з Рэчыцы Аляксей Кашыцкі. Адтуль яго павезлі ў Рэчыцу. Забралі тэлефоны і ноўтбук. У бацькоў вынялі сістэмны блок. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, дзе ён быў назіральнікам, Князева Жанна напісала заяву ў міліцыю пра пагрозы. Указала яко як падазраванага. (Ён зняў відэа, як вокны заляпілі паперай на ўчастку.)
Студэнтаў юрфака БДУ, якія пратэставалі ўчора, сёння выклікалі на факультэцкую Камісію па прафілактыцы. Студэнты прыйшлі з адвакатамі і бацькамі і адмовіліся пісаць тлумачальныя, паведамляе тэлеграм-канал @nashaniva.
Прадстаўнікі праваахоўных органаў прыйшлі ў офісы групы кампаній "Белцяжмаш", якімі кіруюць бізнесмены Ігар і Дзмітрый Анішчанка. Пра гэта TUT.BY распавялі тры не звязаныя адна з адной крыніцы. "Сілавікі прыйшлі да Ігара Анішчанкі і ягонага сына Дзмітрыя. Якія пытанні да іх, невядома. Сувязі з імі няма", - паведаміў суразмоўца ў дэвелаперскіх колах.