viasna on patreon

ЧМТ, кровазліццё ў мозг, пералом носа. Расказ студэнта, які пасля збіцця ў "бусе без нумароў" трапіў у бальніцу Фота Відэа

2020 2020-09-16T01:34:51+0300 2020-09-16T11:06:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/student_788.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21-гадовага студэнта мінскага ВНУ жорстка затрымалі ўвечары 12 верасня каля метро "Плошча Перамогі". Момант яго затрымання трапіў у кадры "Нашай Нівы" і TUT.BY. Пасля паездкі ў "бусе без нумароў" з людзьмі ў аліўкавай форме і балаклавах хлопец трапіў у бальніцу, дзе яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, кровазліццё ў мозг сярэдняй ступені, пералом носа і множныя гематомы на целе. Студэнт з Мінска распавёў "Вясне", што з ім адбывалася пасля затрымання на "Плошчы Перамогі" і да таго, як трапіў у бальніцу.

Затрыманне студэнта зафіксавала
Затрыманне студэнта зафіксавала "Наша Ніва"

"Мы пра цябе ўсе ведаем, ты каардынатар з Польшчы"

"Каля паловы шостага я стаяў каля метро і глядзеў на тэлефоне карту, я збіраўся ісці да сяброў. У гэты час побач было шмат журналістаў. Як я потым даведаўся, у горадзе як раз скончыўся Марш. І ў момант, калі я падняў галаву ад тэлефона, да мяне падбеглі людзі ў аліўкавай форме і балаклавах і ўдарылі ў нос. У бус без нумароў мяне павалаклі з пабітым носам, ішла кроў.

Мяне як толькі паклалі на падлогу ў бусе пачалі біць нагамі. Мне адразу прыляцела некалькі ўдараў у твар. Білі кулакамі. Адразу сказалі: "Усё, мы пра цябе ўсё ведаем, ты каардынатар з Польшчы". Казалі нейкімі агульнымі фразамі. Было відаць, што спрабуюць запалохаць. Нічога канкрэтнага не прад'яўлялі, казалі, што яны нібыта даўно высочвалі мяне. Настойвалі, каб я ў чымсьці прызнаўся. Спрабавалі запалохаць мяне псіхалагічна, каб я прызнаў, што я нейкі каардынатар. Пры гэтым білі ў нагу, у твар, па галаве, па спіне. Хоць я ўжо не памятаю, як мяне білі па спіне, толькі потым знайшоў сінякі ў сябе. Не адчуваў гэтага з-за болю і шоку, напэўна.

У аўтобусе мяне паклалі на падлогу паміж сядзеннямі. З затрыманых я быў там толькі адзін, а сілавікоў пяць. Тэлефон, які заставаўся ў мяне ў правай руцэ, я выключыў і закінуў пад сядзення. Яны потым знайшлі яго і сказалі: "Глядзі, які хітры, думаў не знойдзем", і зноў білі. Сказалі, што я "добра падрыхтаваны", раз выключыў тэлефон. Потым пачалі "выбіваць" пароль. Патрабавалі пагрозамі і запалохваннем. Я не казаў пароль ад тэлефона, на што яны адказвалі, што я нібыта "наркаман пад дозай". Білі ўвесь час, я крычаў ад болю, спрабавалі ламаць нагу. Спрабавалі разблакаваць тэлефон маім адбіткам пальца. Тыкалі мой палец у металічную штучку на чахле тэлефона, які прызначаны для магніта ў аўто. Калі яны зразумелі, што гэта не "сканер пальцаў", то пачалі тыкаць мае пальцы ў камеру.

"Іншыя сілавікі пачалі сцягваць з мяне шорты і трусы"

Потым у нейкі момант "галоўны", які сеў спераду буса, дастаў дубінку і сказаў: "Ведаеш, куды табе яе зараз засунем, калі ты не скажаш пароль? І ў горла, і згвалцім. Ну давайце, пацаны, пачынаем". У гэты час іншыя сілавікі пачалі сцягваць з мяне шорты і трусы. Я адбіваўся, як мог. Спадзяваўся, што яны перастануць. Так і адбылося. Усё абышлося запалохваннямі. Было страшна і непрыемна, але я спрабаваў захоўваць сябе ў руках, наколькі гэта магчыма ў дадзенай сітуацыі.

Палохалі крымінальнай справай і тэрмінам на пяць гадоў. Пыталіся: "Ну што, кепска табе жылося да гэтага?" Я ім спрабаваў данесці, што я не ўдзельнічаў у мітынгах, не выкрыкваў лозунгі, што пацвярджае месца майго затрымання. Аднак, чым больш аргументавана я спрабаваў растлумачыць ім сваю невінаватасць, тым больш яны злаваліся і білі мяне.

У нейкі момант надзелі на рукі сцяжку і зацягвалі ўсё больш і больш. Ад пастаяннага збіцця мне станавілася не па сабе. У бусе я ўжо быў страціў прытомнасць ці быў блізкі да гэтага. Мяне адразу палілі вадой. Я пачуў: "Хлопцы-хлопцы, не біце пакуль, пачакайце". Мабыць, у іх усё-ткі нейкія межы ёсць. Хаця не ўпэўнены, ці можна назваць гэта межамі з маім дыягназам і іншымі гісторыямі выкраданняў. Ніяк, акрамя як выкраданні, гэта не назавеш, гэта грубае парушэнне правоў чалавека.

У нейкі момант мы спыніліся. Я пачуў: "Пацаны, вытрэце яго". Увесь гэты час у мяне кроў з носа хвастала. Яны выціралі мяне маёй жа кофтай, палівалі вадой. Потым пасадзілі мяне на край парога выхаду з буса. У гэты час да мяне падышоў супрацоўнік з камерай і пачаў задаваць пытанні: "Што ты каардынаваў? Давай прызнавайся!" На што я сказаў, што я нічога не каардынаваў, я проста ішоў.

student_89.jpg
Так выглядае кофта студэнта пасля затрымання 12 верасня

"А давайце яго пакінем без дзяцей"

Потым вярнуліся ў машыну і зноў пачалі ездзіць па горадзе. Кіроўца мне сказаў: "Ты ж разумееш, што мы можам так ездзіць колькі заўгодна?" Збіццё, запалохвання, пагрозы пры гэтым працягваліся. Напрыклад, казалі: "Такія пачвары, як вы, будзеце рэзаць потым нашых дзяцей". Яны скардзіліся, што на іх ідзе вялікі ціск.

Быў момант, калі я спрабаваў з імі пагаварыць па-чалавечы, на што яны адрэагавалі ўсе адназначна: "Ты што, с*ка, нас запісваеш?" Пачалі біць, распранаць і шукаць нейкі мікрафон, на які я іх нібыта запісваў. Казалі, што калі я ўсё ж іх запісваў, то яны мяне знойдуць. Яны вельмі баяцца, каб іх ніхто ніяк не запісаў.

Чыталі навіны ў тэлефоне, абмяркоўвалі, смяяліся: "Чулі, пацаны, нам застаўся тыдзень, каб звольніцца з сілавых структур, інакш нам канец". Усе пасмяяліся. Відаць, што яны шчыра вераць у дзяржпрапаганду пра "каардынатараў з Літвы і Польшчы".

Пыталіся, ці ёсць у мяне дзяўчына. Калі я сказаў, што няма, то пачалі называць «заднепрывадным». Зноў пачалі пагражаць згвалтаваннем. Сказалі: "А давайце яго без дзяцей пакінем!" Пачалі збіваць, добра, што білі не туды.

На мне быў электронны гадзіннік Samsung. Сілавікі знялі яго і сталі глядзець кантакты. Пыталіся пра некаторыя кантакты, чаму так захаваныя. Калі ўбачылі нумар адваката, то зноў пачалі вінаваціць мяне, што я "падрыхтаваны, быў гатовы да гэтага, каардынатар".

"Калі не скажаш пароль, то ты адсюль не выйдзеш"

Мяне даставілі ў РУУС Першамайскага раёна. Калі я ішоў у будынак, то кульгаў, таму што сілавікі адбілі мне нагу. Яны крычалі, каб я не кульгаў. Сілавікі сказалі мне, што гэта я сам упаў, калі яны затрымлівалі мяне. У РУУС спыталі ў сілавікоў, ці супраціўляўся я, на што яны сказалі, што сам зваліўся спачатку.

Супрацоўнікі міліцыі ў аддзяленні таксама пагражалі мне. Адзін з іх сказаў: "Што, пацаны, пароль ад тэлефона не кажа? А дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа". У самім аддзяленні сілавікі асцярожнічаюць у сваіх дзеяннях. Магчыма, таму што камеры там вісяць. Пагрозы шапталі на вуха. Напрыклад: "Калі не скажаш пароль, то ты адсюль не выйдзеш". Часта на ногі мне там наступалі. Але, калі хапалі за валасы і білі ў патыліцу, то спынялі адзін аднаго: "Цішэй, тут не бі".

Калі тэлефанавалі дзяжурнаму на тэлефон і, мабыць, пыталіся, ці дастаўлялі кагосьці ў Першамайскае, ён адказваў: "Сюды нікога не прывозілі, нікога не дастаўлялі". Пры гэтым, там было дакладна дзве дзяўчыны, якіх таксама абвінавачвалі ва ўдзеле ў мітынгу. Але іх сілавікі не чапалі, наадварот– жартавалі і какетнічалі з імі.

Калі мяне павёў адзін з супрацоўнікаў у прыбіральню, то спытаў: "Цябе калі-небудзь макалі ва ўнітаз галавой? А хочаш?" Мне так рукі сціснулі сцяжкай тады, што я не мог нават рукі зрабіць "лодачкай", каб памыцца. Я не мог рукі сціснуць, з іх пастаянна выцякала вада. Мяне выціралі капюшонам маёй жа кофты. Спробы запалохвання былі пастаянна. Я часта прасіў лекара, часта казаў, што мне дрэнна. На гэта яны адказвалі: "Скажы пароль – будзе лекар". Часта гулялі ў "добрага і дрэннага копа", прычым, гэта мог рабіць адзін і той жа чалавек: адразу біць, а потым запэўніваць, што ўсё добра. 

student_78.jpg
Рукі пасля заціскаў

"У свядомасць мяне прыводзілі антысептыкам"

У той час, як мяне сілавікі білі, запалохвалі, пагражалі, на ногі наступалі, за валасы трымалі, міліцыянты з Першамайскага РУУС нават не глядзелі ў мой бок і не падыходзілі. Яны проста бяздзейнічалі. 

У РУУС сілавікі і міліцыянты спрабавалі даведацца мой пароль ад тэлефона. Былі фразы: "Вось у нас вельмі добрыя хакеры, яны твой тэлефон узламаюць, так што, калі ты не скажаш цяпер па-добраму, то будзе па-дрэннаму".

Сілавікі абмяркоўвалі пры мне, што можна мне "прыпісаць" артыкул 205 Крымінальнага кодэкса ("Крадзеж"), што я нібыта скраў у аднаго з іх свой жа электронны гадзіннік і тэлефон, раз я пароль не называю, то магчыма, гэта не мой тэлефон. Магчыма, гэта быў жарт, але ўспрымаў гэта я тады не як жарт. Казалі, што я абколаты, наркаман нейкі, у стане алкагольнага ап'янення. 

student_9.jpg
У такім выглядзе студэнт апынуўся ў бальніцы

"Папрасілі, каб хуткая ехала хутчэй і з мігалкамі"

Калі сілавікі з'язджалі з РУУС, то сказалі міліцыянтам не выклікаць мне хуткую дапамогу, бо я нібыта сімулянт. У прытомнасць мяне прыводзілі антысептыкам: пырскалі на рукі, на ватку і на віскі. У бусе і ў міліцыі яшчэ ціснулі на сківіцу, каб прывесці мяне ў прытомнасць. У РУУС прынеслі мне шалік прабрызганны чымсьці, казалі: "Дыхай-дыхай". Але я ўсё слабей і слабей успрымаў інфармацыю звонку. Хуткую ўсё ж такі выклікалі пасля таго, як убачылі, што я ўжо ледзь сяджу на стуле, звальваюся.

Папрасілі, каб хуткая ехала хутчэй і з мігалкамі, а мяне ў гэты час трымалі, каб я не ўпаў. Калі выклікалі хуткую, то мяне паклалі на падлогу, і глядзелі, каб са мной нармальна было ўсё.

Калі прыехала хуткая, то міліцыянтаў цікавіла, ці не сімулюю я. Лекары сказалі, што трэба забіраць мяне. Міліцыянты ў гэты час спрабавалі датэлефанавацца свайму начальніку, каб спытаць у яго, ці забіраць мой тэлефон. Потым супрацоўнікі міліцыі сказалі, што калі цяпер не скажу пароль, то потым мне давядзецца вяртацца ў гэтае аддзяленне. Аднак адказаць у мяне не было сіл, я проста ляжаў у паўсвядомасці. У выніку, мне кінулі мой парваны заплечнік, які быў увесь у крыві, і тэлефон".

student_788.jpg
21-гадовы студэнт са сваімі рэчамі пасля затрымання

Хлопец цяпер знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. Лекары паставілі яму дыягназ: чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг сярэдняй ступені цяжкасці, пералом носа, множныя гематомы і пашкоджанні па целе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства