Затрыманні ў Мінску і ў Гомелі Дапоўнена
СМІ паведамляюць пра затрыманне сябра Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі юрыста Канстанціна Цітова.
Насамрэч, па звестках "Вясны", чалавек з такім імём і прозвішчам быў затрыманы ўчора на акцыі пратэсту ў раёне вул. Карастаянавай каля 15 гадзін дня.
У Гомелі ў другой палове дня 14 верасня затрымалі журналістаў «Белсату» Марыну Драбышэўскую і Яўгена Меркіса. Марына паспела напісаць у Фэйсбуку, што іх вязуць у Чыгуначны РАУС.
Групу, якая займалася страйкбольнымі трэніроўкамі, затрымалі ў закінутым будынку пад Магілёвам. Як піша "Еўрарадыё", затрыманне правялі байцы галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Кіраўнік гэтага ўпраўлення Мікалай Карпянкоў апошнім часам праславіўся тым, што асабіста выбіваў шкляныя дзверы ў кавярні ў цэнтры Мінска.
МУС паведамляе, што група "Партызаны Магілёва" была створаная ў сацсетках, у яе ўваходзілі 64 карыстальнікі. Зборы праходзілі ў закінутым будынку пад Магілёвам.
Таксама затрыманыя:
Шчурко Сяргей, спартыўны журналіст. Аўтар "Прессбола" Сяргей Шчурко ў панядзелак з 13.00 перастаў выходзіць на сувязь. Са слоў Вольгі Хіжынковай, былога прэс-сакратара ФК "Дынама-Брэст", журналіст паспеў напісаць, што да яго едуць на размову супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго тэлефон перастаў адказваць.
Саламаха Святлана і Алена Дзядюля затрыманыя сёння каля Касцёла на Незалежнасці каля 19:30. Дастаўленыя ў Маскоўскае РУУС, затым адвезлі на Акрэсціна. Разам з імі затрымалі яшчэ некалькі жанчын. Сярод іх - Алена Лагацкая.
Камароў Юрый, Аляксандр Каліценя, Сапун Кірыл затрыманыя сёння каля 21:00 у Лошыцы. Дастаўлены ў Ленінскае РУУС Мінска.
У 10 гадзін раніцы ў Наваполацку быў затрыманы Рабенкоў Цімур. Яго адвезлі ў СІЗА Віцебска.
У Маладзечна затрымалі Наталлю Шыдлоўскую па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое адбылося ў Маладзечне 13 верасня.
Праваабаронца Алесь Капуцкі на сувязі з блізкімі Наталлі. Сёння днём да 23-гадовай жанчыны міліцыянеры прыйшлі дадому прыкладна апоўдні. Бацькам Наталлі сказалі, што яе пакінуць у РАУС да суда.