Праваабаронцы звярнуліся ў ААН па сітуацыі з выкраданнем Марыі Калеснікавай
Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў у працоўную групу ААН па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях паведамленне па сітуацыі з выкраданнем Марыі Калеснікавай.
Згодна з мандатам рабочай групы па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях, яна прымае, разглядае і перадае дзяржавам паведамленні аб гвалтоўных знікненнях, пададзеных сваякамі асоб, зніклых без вестак, або праваабарончымі арганізацыямі, якія прадстаўляюць іх інтарэсы. Рабочая група просіць дзяржавы правесці расследавання і паведаміць працоўную групу аб выніках.
"Мы спадзяемся, што пададзенае паведамленне дазволіць аператыўна высветліць лёс Марыі Калеснікавай і спыніць практыку гвалтоўных знікненняў апанентаў дзеючай улады.
Адначасова мы звяртаемся да беларускіх уладаў з патрабаваннем паведаміць аб месцы знаходжання Марыі Калеснікавай, а ў выпадку яе ўтрымання прадстаўнікамі ўлады-неадкладна вызваліць і ў поўным аб'ёме забяспечыць яе права на абарону і іншыя працэсуальныя гарантыі, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь і нацыянальным заканадаўствам", — заяўляюць праваабаронцы БХК.
Нагадаем, 7 верасня каля 10:05 каля Нацыянальнага мастацкага музея ў Менску Марыя Калеснікава была выкрадзена групай невядомых людзей у цывільным і вывезеная меркавана на сінім мікрааўтобусе «Собаль» з надпісам «Связь». На працягу ўсяго дня не было ніякай інфармацыі пра яе месцазнаходжанне, нягледзячы на звароты яе адваката і калегаў у праваахоўныя органы. Раніцай 8 верасня Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў, што Марыя знаходзіцца на памежным пераходзе паміж Беларуссю і Украінай.
Праваабаронцы БХК лічаць, што яе выкраданне відавочна і наўпрост звязана з выразам ёю сваіх палітычных поглядаў, удзелам у палітычнай дзейнасці і ў выбарчай кампаніі, у мірных сходах і ажыццяўленні права на свабоду аб'яднанняў (удзел у Каардынацыйнай радзе).