Праваабаронца Валер Шчукін шпіталізаваны, ён у цяжкім стане
Як паведамляе "Радыё Свабода", апазыцыйны палітык, праваабаронца Валер Шчукін цягам двух тыдняў знаходзіцца на лячэньні ў вайсковым шпіталі ў Менску. У шпіталь яго даставіла хуткая дапамога пасьля рэзкага пагаршэньня здароўя. Дагэтуль, паводле Валера Шчукіна, стан ягонага здароўя цяжкі.
«Што ў мяне? Хворыя ныркі, пячонка, шмат іншых праблем. Адчуваю слабасьць — чуеце ж, як размаўляю. Стары ўжо, відаць, прыходзіць час. Але спадзяюся, яшчэ працягну», — сказаў Валер Шчукін у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды. Паводле Валера Шчукіна, дактары шпіталя робяць усё магчымае, каб ён паправіўся, але пра апэрацыю гаворкі пакуль не ідзе.
«Нічога ня кажуць пра апэрацыю, хочуць ці ня хочуць, ня ведаю. Ляжу пад кропельніцай, прымаю лекі. Але нібыта робяць усё, што могуць, скардзіцца няма на што», — сказаў Валер Шчукін пра лячэньне ў вайсковым шпіталі.
Валер Шчукін — дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, дзе ўваходзіў у апазыцыйную групу. Валер Шчукін падпісаўся за імпічмэнт прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і пасьля разгону парлямэнту ў 1996 годзе заставаўся актыўным удзельнікам апазыцыйнай барацьбы. Спадара Шчукіна шмат разоў затрымлівалі на апазыцыйных акцыях, каралі арыштамі і штрафавалі. У апошнія гады Валер Шчукін заняўся актыўнай праваабарончай дзейнасьцю, але працягваў удзельнічаць і ў апазыцыйных акцыях. Апошні раз Валера Шчукіна затрымлівалі падчас дэманстрацыі на Дзень Волі ў 2017 годзе.