Сумесная заява місій ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Еўрапейскага саюза адносна прымянення гвалту і рэпрэсій у Беларусі
Місіі ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Еўрапейскага саюза ад імя краін ЕС, прадстаўленых у Мінску, выступілі з сумеснай заявай адносна прымянення гвалту і рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.
"Мы ўжо неаднаразова заяўлялі пра сваю салідарнасць з народам Беларусі, які патрабуе забеспячэння асноўных правоў і свабод чалавека праз правядзенне свабодных і справядлівых выбараў. Мы надзвычай уражаныя мірнымі дэманстрацыямі, якія працягваюцца па ўсёй Беларусі. Яны сведчаць пра рашучасць і мужнасць народа Беларусі ў імкненні да дэмакратычных пераменаў", - адзначаецца ў заяве.
Дыпмісіі падкрэсліваюць, што з часу выбараў яны былі сведкамі бесчалавечнага і непрапарцыйнага прымянення праваахоўнымі органамі сілы супраць мірных дэманстрантаў і простых грамадзян.
"Мы бачым мноства сведчанняў сур'ёзных траўм, атрыманых у выніку такога прымянення сілы. Нам таксама становіцца вядома пра незлічоныя выпадкі жорсткага абыходжання і прыніжэння ў дачыненні да затрыманых. Мы выказваем салідарнасць з усімі ахвярамі гвалту і жорсткага абыходжання. Мы спачуваем сем'ям загінулых. Цяжка паверыць у тое, што, на вялікі жаль, мы сталі сведкамі гібелі і пакут людзей, знявагі чалавечай годнасці і правасуддзя ў Беларусі".
Падпісанты заявы асудзілі непрапарцыйнае прымяненне сілы і заклікалі ўлады Беларусі спыніць гвалт і пагрозы прымянення ваеннай сілы супраць уласных грамадзян, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць усіх несправядліва затрыманых.
"Неабходна спыніць запалохванне і пераслед па палітычных матывах. Мы заклікаем улады Беларусі выконваць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы па забеспячэнні асноўных дэмакратычных свабод і правоў чалавека. Мы чакаем паўнавартаснага і празрыстага расследавання ўсіх меркаваных злачынстваў і злоўжыванняў з мэтай прыцягнення вінаватых да адказнасці. Толькі гэта створыць магчымасць для мірнага ўрэгулявання крызісу на аснове адкрытага нацыянальнага дыялогу", - гаворыцца ў заяве.