Старшыня АБСЕ: Беларусь павінна неадкладна палепшыць сітуацыю з правамі чалавека — прама цяпер, без усякіх "калі" і "але"
"Я звяртаюся сёння да ўладаў Беларусі: выкарыстоўвайце гэты момант, каб перайсці ад канфрантацыі да дыялогу", — заявіў дзеючы старшыня АБСЕ, прэм'ер-міністр Албаніі Эдзі Рама 28 жніўня на спецыяльным пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ па абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі. Пра гэта пішуць naviny.by.
"Для таго каб краіна рухалася наперад максімальна бяспечна і надзейна, спатрэбіцца паразуменне і супрацоўніцтва ўнутры Беларусі", — сказаў Рама, падкрэсліўшы, што АБСЕ можа гэтаму садзейнічаць (відэатрансляцыя яго ўступнага слова вялася на сайце АБСЕ).
Пры гэтым Рама адзначыў, што АБСЕ не павінна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі.
"Якімі б ні былі нашыя меркаванні, калі мы хочам гуляць канструктыўную ролю, нам не варта ўмешвацца ва ўнутраныя справы паміж уладамі Беларусі і беларускім грамадствам, якое пратэстуе на вуліцах, — сказаў ён. — Якімі б моцнымі ні былі пачуцці, якія мы, як асобы, можам адчуваць, назіраючы за тым, што адбываецца, калі мы хочам гуляць гэтую канструктыўную ролю, нам не варта прымаць чыйсьці бок".
АБСЕ можа выступіць каардынатарам дыялогу, каб дапамагчы Беларусі выйсці з сітуацыі, якая склалася, прапанаваў Рама.
"Мы шчыра спадзяемся, што будзе станоўчы водгук на гэтую прапанову з боку ўрада Беларусі. Я гатовы зрабіць так, каб гэта працавала —далучаць, слухаць, разумець і падтрымліваць усімі магчымымі спосабамі, — сказаў Рама. — Старшынства АБСЕ будзе нястомна і цярпліва працаваць над стварэннем умоў, якія спрыяюць працэсу".
Пры гэтым, падкрэсліў ён, павінна быць "неадкладнае і значнае паляпшэнне сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў краіне".
"Не калі-небудзь у будучыні, а прама цяпер, без усялякіх "калі" і "але", — заявіў Рама. — Немагчыма паверыць у тое, што можа быць надзейны працэс дыялогу, калі адзін з бакоў імкнецца знішчыць саму сутнасць плюралістычнага грамадства".
Рама адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі павінна быць "ўрэгуляваная ў Мінску і самім народам краіны пры поўнай павазе суверэнітэту, незалежнасці і правоў чалавека".
Сваё выступленне старшыня АБСЕ скончыў зваротам да беларускіх уладаў, а таксама да іншых членаў АБСЕ:
"Да беларускіх уладаў: калі ласка, дайце гэтай прапанове шанец. Скарыстайцеся гэтай магчымасцю для Беларусі, каб перайсці ад канфрантацыі і разладаў да дыялогу і прымірэння.
Да членаў АБСЕ: давайце паспрабуем зрабіць гэтую працу, хоць мы і ведаем, што гэта будзе нялёгка. Мы абавязаныя зрабіць так, каб галасы мужчын, жанчын і дзяцей Беларусі былі пачутыя, каб яны маглі вызначыць сваю будучыню праз дыялог, а не гвалт".