viasna on patreon

Дацкі інстытут арганізуе трэнінгі для валанцёраў, якія працуюць з ахвярамі катаванняў у Беларусі

2020 2020-08-20T17:18:48+0300 2020-08-20T17:18:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dignity.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дацкі інстытут супраць катаванняў у супрацоўніцтве з рэабілітацыйным цэнтрам Фарпост і пры садзейнічанні Праваабарончага цэнтра "Вясна" арганізуе трэнінгі для валанцёраў.

Навучанне валанцёраў, якія актыўна ўключыліся ў дапамогу пацярпелым пры масавых разгонах і затрыманнях на мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, будзе праходзіць па трох напрамках:

  • Трэнінг №1 - 20 жніўня, запіс скончаны
    Арганізацыя і аказанне першай псіхалагічнай дапамогі на месцы падзей, правілы для спецыялістаў, якія працуюць на месцах (з інтэрактыўнымі заняткамі па адпрацоўцы навыкаў – інтэрв'ю, якое падтрымлівае, і тэхнікі стабілізацыі).
  • Трэнінг №2 - 21 жніўня ў 19.00-20.30 у Zoom, запіс праз форму
    Прафілактыка выгарання для спецыялістаў, якія працуюць ва ўмовах крайняга напружання з людзьмі, якія перажылі прыніжаючае годнасць, жорсткае або бесчалавечнае абыходжанне і катаванні.
  • Трэнінг №3 - дата правядзення ўдакладняецца
    Дакументаванне катаванняў і жорсткага абыходжання: навошта і як правільна. Міжнародныя стандарты, этычныя прынцыпы.

Інстытут DIGNITY - дацкі інстытут супраць катаванняў валодае велізарным вопытам па садзейнічанні рэабілітацыі ахвяраў катаванняў не толькі ў Даніі, але таксама ў іншых краінах. Інстытут знаходзіцца ў Капенгагене, там жа размешчаны і яго рэабілітацыйны цэнтр, дзе праводзіцца лячэнне бежанцаў, якія падвяргаліся катаванням у сябе на радзіме.

"Мы займаемся не толькі рэабілітацыяй ахвяраў катаванняў, але таксама мы з'яўляемся экспертамі ў дакументацыі і супрацьдзеянні катаванням у розных краінах свету. У нашай арганізацыі працуюць прадстаўнікі Еўрапейскага камітэта па папярэджанні катаванняў і Камітэта супраць катаванняў ААН", - адзначаюць прадстаўнікі Інстытута.

Фарпост - украінская грамадская арганізацыя, якая мае вялікі досвед працы на месцы падзей, у тым ліку ў зоне баявых дзеянняў; якая ўпершыню ва Украіне ў супрацоўніцтве з праваабарончай групай Січ ўвасобіла Рэкамендаваны міжнародны стандарт комплекснай рэабілітацыі асобаў, што перажылі траўму, экстрэмальны гвалт і катаванні. Офіс арганізацыі і цэнтр псіхічнага здароўя і траўматэрапіі знаходзяцца ў горадзе Дняпро.

Асноўнымі кліентамі арганізацыі з'яўляюцца людзі, якія перажылі катаванні, жорсткае ці зневажальнае годнасць абыходжанне ці пакаранне;
людзі, якія перажылі падзеі, якія патэнцыйна траўміруюць, з прычыны ваенных дзеянняў або катастрофаў; прафесіяналы, дзейнасць якіх істотна ўплывае на рэабілітацыю першых двух груп (псіхолагі, лекары, праваабаронцы, юрысты, сацыяльныя работнікі, журналісты).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства