Генеральны сакратар ААН заклікаў улады Беларусі праявіць стрыманасць
Праблемы, якія ўзніклі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, неабходна вырашаць з дапамогай дыялогу, а ўлады павінны праяўляць стрыманасць у адказ на дэманстрацыі, заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Пра гэта пішуць naviny.by.
"Генеральны сакратар заклікае беларусаў вырашаць праблемы, якія ўзніклі пасля выбараў, шляхам дыялогу, каб захаваць мір у краіне", — гаворыцца ў распаўсюджанай прэс-сакратаром кіраўніка ААН заяве.
Падкрэслена важнасць прадастаўлення ўсім беларусам магчымасці рэалізаваць свае грамадзянскія і палітычныя правы.
"Гэта ўключае ў сябе выказванне сваіх поглядаў мірным шляхам у адпаведнасці з законам. Улады павінны праяўляць стрыманасць у адказ на дэманстрацыі.
Сцвярджэнні аб катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання з асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, павінны быць старанна расследаваныя", — заявіў генеральны сакратар ААН.
Нагадаем, 14 жніўня пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі звярнулася з просьбай аб арганізацыі тэрміновай сустрэчы з міністрам унутраных спраў для абмеркавання пытанняў правоў чалавека, у прыватнасці абыходжання з асобамі, якія знаходзяцца ў месцах утрымання пад вартай, ажыццяўлення свабоды мірных сходаў у Беларусі, а таксама з мэтай прапанаваць неабходную дапамогу з боку сістэмы ААН.
Яна таксама папрасіла забяспечыць доступ супрацоўнікам ААН у два цэнтры ўтрымання пад вартай у Мінску з мэтай азнаямлення з умовамі зняволення.