Крымінальныя справы за падзеі 14 ліпеня ў Мінску. Што вядома цяпер?
Увечары 14 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах краіны прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. У сталіцы ў той вечар было затрымана каля 300 чалавек, многія з іх былі аштрафаваныя і адпраўлены на "суткі" па артыкулах 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Акрамя таго, за падзеі 14 ліпеня ў Мінску былі распачатыя крымінальныя справы паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 363 (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў), 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 (арганізацыя і ўдзел у парушэнні грамадскага парадку, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў). "Вясна" публікуе вядомую па стане на 23 ліпеня інфармацыю.
Фігуранты крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Мінску
31-гадовы мінчук Антон Шумаў – адзін з першых затрыманых у межах крымінальнай справы па падзеях 14 ліпеня ў Мінску. Яго затрымалі ў мінскім рэстаране KFC на Нямізе падчас патасоўкі супрацоўнікаў АМАП.
На наступны дзень, 15 ліпеня, суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў яго па артыкулах 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) на 35 базавых велічынь (945 рублёў). Аднак яго не выпусцілі на волю. 15 ліпеня ў яго дома быў праведзены ператрус. Стала вядома, што яму інкрымінуюць частку 1 артыкула 342, а потым і артыкул 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Была абраная мера стрымання – заключэнне пад варту. 18 ліпеня яго перавялі ў Следчы ізалятар №1 у Мінску на вул. Валадарскага, 2. Абвінавачванне яшчэ не прад'яўлена. У адваката Антона Шумава ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Як распавяла ягоная сястра Святлана, ён ужо даслаў ліст сваёй сям'і, дзе піша, што «Валадарка – лепшае месца, у якім ён быў з моманту затрымання».
21-гадовы Уладзіслаў Усцін быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса 16 ліпеня.
Першы раз яго затрымалі 14 ліпеня каля плошчы Перамогі з боку музея "Дом РСДРП", калі той вяртаўся дадому пасля гутаркі па працаўладкаванні. Яму давялося ісці пешшу, бо станцыю метро Кастрычніцкую нечакана закрылі. Раніцай 15 ліпеня яго вызвалілі з аднаго з мінскіх РУУС без складання пратаколу. Аднак 16 ліпеня Уладзіслаў зноў быў затрыманы на працы людзьмі ў цывільным.
Уладзіслава Усцінава перавялі таксама ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага, 2 у Мінску.
Вядома, што фігурантам крымінальнай справы па артыкуле 342 КК (арганізацыя і ўдзел у парушэнні грамадскага парадку, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) таксама з'яўляецца 20-гадовы Уладзімір Хамічкоў.
Таксама 21 ліпеня быў у сябе дома затрыманы ў рамках крымінальных справаў паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі 14 ліпеня мінчук Антон Валавік. Яго адразу змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.
Такім чынам, спіс фігурантаў крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Мінску выглядае так:
Праваабаронцам "Вясны" вядома, што па дадзеных крымінальных справах затрыманыя яшчэ мінімум чатыры чалавекі. * Абвінавачванні пакуль не прад'яўленыя, таму інфармацыя аб інкрымінаваных артыкулах – папярэдняя. |
Масавы выклік сведак
Акрамя таго, як вядома праваабаронцам «Вясны» у Следчы камітэт масава выклікаюць сведак па падзеям 14 ліпеня. Толькі ў Праваабарончы цэнтр «Вясна» за юрыдычнай кансультацыяй звярнулася больш за 30 чалавек. Як распавядае юрыст «Вясны» Аляксей Лойка, сведак таксама масава выклікалі ў выходныя дні 18 і 19 ліпеня.
Сярод тых, каго выклікалі ў якасці сведкі – журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева. Як яна піша ў фэйсбуку пасля допыту, па словах следчага, створана вялікая следчая група, апытваюць больш за 450 чалавек. Асабіста допыт журналісткі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса доўжыўся прыкладна паўтары гадзіны. Падпіску аб неразгалошванні не адбіралі.
"З цікавага пыталіся: ці дапамагала адбіваць затрыманых у міліцыі, ці выкрыквала лозунгі, апісанне тэхнікі, на якую вяла прамы эфір, імя рэдактара, ці гатовая даць свой тэлефон для агляду (не). Мой пратакол допыту гучыць прыкладна як "не бачыў, не знаходзіўся, не прыцягваўся", – распавядае журналістка Кацярына Андрэева.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у якасці сведак па ўзбуджаных крымінальных справах дапытваліся затрыманыя і асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах за падзеі 14 ліпеня. Іх судзілі па Skype прама ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, а затым адводзілі ў кабінет да следчага на допыт.
Забіраюць тэлефоны ў сведак
Як распавядалі адміністрацыйна затрыманыя за падзеі 14 ліпеня, што пасля суда ў ЦІП, ім вярталі ўсе канфіскаваныя рэчы, акрамя мабільных тэлефонаў. Пры гэтым якіх-небудзь дакументаў, якія пацвярджаюць канфіскацыю тэлефонаў, ім для азнаямлення не прад'яўляюць.
Юрыст «Вясны» Аляксей Лойка пракаментаваў такую сітуацыю: выманне мабільных тэлефонаў ажыццяўлялася не па працэдуры, прадугледжанай Крымінальна-працэсуальным кодэксам.
За падзеі 14 ліпеня ў Мінску следчыя забіраюць тэлефон. Што рабіць?
Адзін з тых, у каго канфіскавалі тэлефон, распавёў, што 22 ліпеня яго тэлефон ўключалі і потым зноў выключылі па адрасе Гарадскі Вал, 2. Па гэтым адрасе размяшчаецца Міністэрства ўнутраных спраў.